рожнымі. Кат і Кроп аднойчы на выведцы перастралялі ўвесь патруль чорнаскурых, бо гэтыя людзі не маглі стрымаць спакусы і курылі ідучы. Кату і Альбэрту аставалася толькі меціцца ў блісканьне агню папяросы.
Ля мяне шлёпае маленькая граната. Я ня чуў як яна набліжалася і страшэнна палохаюся. У гэты-ж момант мяне ахапіў неапісальны страх. Я тут адзін і амаль што бездапаможны ў пацёмках. Магчыма за мною ўжо даўно назіраюць два другіх вокі з варонкі і ручная граната ляжыць напагатове, каб мяне разьдзерці. Я спрабую аваладаць сабой. Гэта ня першая выведка, у якой я ўдзельнічаю, і яна ня дужа небясьпечная. Але яна першая пасьля водпуску і, акрамя таго, мясцовасьць для мяне мала знаёмая.
Я намаўляю сабе, што мае непакойства бяссэнснае, што ў цемрадзі, мабыць ніхто не сьцеражэ, інакш кулі ня сьвісталі-б так нізка.
Дарэмна! Чарадой у непарадку праносяцца думкі ў маёй галаве: я чую папярэджвальны голас маткі, я бачу рускіх з шырокімі бародамі, якія прыціскаюцца да кратаў, узьнікае надзвычай яскравы малюнак карчомкі з крэсламі, што ў ёй стаяць, кіно ў Валянсыене, у маім уяўленьні балюча і агідна стаіць шэрая нячулая руля вінтоўкі, якая моўчкі ідзе сьледам усюды, куды-б я не паварочваў галаву.
Я зьліваюся потам.
Я ўсё ’шчэ ляжу ў сваёй нары. Я гляджу на гадзіньнік: мінула толькі некалькі хвілін. Мой лоб вільготны, вочы мокрыя, рукі дрыжаць, і я ціха кашляю. Гэта ня што іншае, як жудасны прыпадак страху, самага звычайнага жывёльнага страху перад тым, каб высунуць галаву і паўзьці далей.
Як каша распаўзаецца напружаньне і перамагае жаданьне застацца ляжаць. Рукі і ногі прыстаюць да зямлі, я імкнуся адарвацца, але дарэмна. Я прыціскаюся да зямлі, я не магу ісьці далей, я вырашаю застацца тут.
Але адразу-ж мяне зноў узьнімае хваля, хваля сораму, каяньня і — пачуцьця самазахаваньня. Я крыху прыўзьнімаюся, каб азірнуцца. Мае вочы гараць, — так пільна я ўглядаюся ў цемрадзь. Узьлятае асьвятляльная ракета. Я зноў прыгінаюся.
Ва мне адбываецца шалёнае дзікае змаганьне, я хачу выйсьці з нары і ўсё-ж зноў застаюся ў ёй. Я кажу сабе: