Тымчасам да нас прыходзяць наведацца двое з радыё-роты, якіх мы ахвотна запрашаем да стала. Яны сядзяць у зальчыку, дзе стаіць рояль. Адзін грае, другі сьпявае: «На Вэзэры». Ён сьпявае з пачуцьцём, але крыху з саксонскім акцэнтом. Ня гледзячы на гэта, пакуль мы гатуем ля камінка ўсе гэтыя смачныя стравы, сьпяваньне захапляе нас.
Паступова мы заўважваем, што перацягнулі на сябе агонь. З назіральных балёнаў прыкмецілі дым з нашага коміну і нас пачынаюць абстрэльваць. Гэта паганыя маленькія скорастрэлкі, якія пакідаюць малюпаценькую дзірачку і так далёка і нізка паліваюць. Усё бліжэй чутно сьвістаньне вакол нас, але ня можам-жа мы кінуць свае стравы. Разбураны гзымс. Два асколкі з візгатаньнем ляцяць угару праз кухоннае акно. Хутка з смажанінай будзе скончана. Але пражаньне крокетаў абцяжарваецца. Выбухі да таго набліжаюцца, што асколкі ўсё часьцей лупцуюць па сьценах дому і ўлятаюць у вокны. Кожнага разу, калі я чую набліжаньне знараду, я з патэльняй і з крокетам апушчаю я на каленкі і прыгінаюся пад аконнай съценкай. Пасьля я адразу выпростваюся і смажу далей.
Саксонцы кінулі іграць: асколак лучыў у рояль. Мы таксама памалу заканчваем сваю работу і організоўваем адступленьне. Пасьля бліжэйшага выбуху два чалавекі, нясучы рондаль з гароднінай, прабягаюць пяцьдзесят мэтраў, якія адлучаюць нас ад нашага прытулку. Мы глядзім як яны зьнікаюць.
Зноў выбух. Усе нагінаюцца, а пасьля двое з нас выпраўляюцца з вялікім гладышом першакласнай бабовай кавы; яны дасягаюць затулку да наступнага выбуху.
Цяпер Кат і Кроп хапаюць наш шэдэўр — вялікую патэльню з румянымі парасятамі. Скавытаньне, укленчаньне — і яны ўжо імчацца праз пяцьдзесят мэтраў па адкрытым полі.
Я дасмажваю свае апошнія чатыры крокеты; пры гэтым мне двойчы даводзіцца прыгінацца да падлогі, але нарэшце, у нас будзе на чатыры крокеты больш, а гэта мая ўлюбёная страва.
Пасьля я бяру вялікую талерку з накладзенай на яе гарой крокетаў і прытуляюся да дзьвярэй. Скавытаньне, грукат, і вось я скачу наперад, трымаючы талерку ў абедзьвюх руках і тулячы яе да грудзей. Я амаль ля мэты, калі чую набліжэньне гуду. Я імчуся як алень, хаваючыся за бетонавай сьцяной. Асколкі шчоўкаюць па