коры. Дзеці павісьлі на руках матак, часта старэйшая дзяўчынка вядзе малышоў, што кандыбаюць наперад і ўвесь час азіраюцца назад. Некаторыя з дзяцей цягнуць свае мізэрныя лялькі. Праходзячы паўз нас, усе маўчаць.
Мы яшчэ ідзем у паходнай колёне. Французы ня будуць абстрэльваць вёску, адкуль яшчэ ня выйшлі сяляне. Але праз некалькі хвілін раздаецца выцьцё, зямля ўздрыгвае, чутны лямант: знарад трапіў у хвост процесіі. Мы разьбягаемся ўбакі і кідаемся на зямлю, але ў той-жа момант я адчуваю, што пазбаўляюся таго напружаньня, якое ў часе абстрэлу заўсёды прымушае мяне несьвядома рабіць так, як трэба; думка: «Ты загінуў!» мільгае разам з даўкім, жудасным страхам, і ў наступны момант нешта, бы прутам, выцяла мяне па левай назе, і я чую крык Альбэрта. Ён ляжыць побоч мяне.
— Уставай хутчэй, Альбэрт! — крычу я, — бо мы ляжым на адкрытым полі, нічым не заслоненыя.
Ён падскоквае і бяжыць. Я трымаюся ля яго. Нам трэба пералезьці праз жывую агарожу. Яна вышэй за нас. Кроп хапаецца за галіны, я бяру яго за нагу, ён ускрыквае, я падштурхваю яго і ён перакульваецца праз загарадзь. Адным скокам я сьледам за ім і падаю ў сажалку, якая адразу-ж за загарадзьдзю.
Нашы твары аблеплены багавіньнем і глеем, але ў нас добры прытулак. Таму мы апушчаемся ў сажалку да горла. Калі набліжаецца завываючы знарад, мы хаваемся з галавой.
Пасьля таго, як мы робім гэта з тузін разоў, мне робіцца ніякавата. Альбэрт таксама стогне:
— Давай пойдзем, а то я захліпнуся.
— Дзе ты паранены? — пытаюся я.
— Здаецца ў калена.
— Можаш бегчы?
— Думаю, магу.
— Тады наперад!
Мы дабягаем да дарожнай канавы і, схіліўшыся, бяжым усьцяж яе. Агонь гоніць нас. Вуліца ідзе ў кірунку да артылярыйскага дэпо. Калі яно выбухне, дык ад нас не застанецца ні шматочка. Таму мы бярэм новы маршрут — наўскасяк поля.
Альбэрт збаўляе ходу.
— Бяжы, я цябе даганю, — гаворыць ён і кідаецца вобземлю.
Я хапаю яго за руку і ўстрасаю яго.