— Я ня хочу ў палату сьмяротных!
— Мы-ж вязем вас на перавязку.
— Тады навошта вам мая куртка? — Ён ужо ня можа казаць. Асіплы і ўсхваляваны, ён шапоча:
— Хочу застацца тут!
Але яны не адказваюць і вывозяць яго. Ля дзьвярэй ён хоча выпрастацца. Яго чорная галава ўстрасаецца, вочы поўныя сьлёз.
— Я зьвярнуся! Я зьвярнуся! — крычыць ён.
Дзьверы зачыняюцца. Мы ўсе ўзрушаны, але маўчым. Нарэшце Юзэф гаворыць:
— Так шмат хто казаў, але калі туды патрапіш, — капут!
Мяне опэруюць і два дні ўзапар мяне ванітуе. Косьці ня хочуць зрасьціся, як гаворыць лазарэтны пісар. У другога косьці зрасьліся няправільна і іх давялося разломліваць зноў. Вось гэта гора, дык гора!
Сярод новых параненых два маладых салдаты з плоскімі плюснамі. Пры абыходзе старэйшы доктар выкрывае гэта і з бачным задаваленьнем спыняецца.
— Мы гэта паправім, — гаворыць ён, — мы толькі зробім маленькую опэрацыю і ў вас будуць здаровыя ногі. Аднатуйце сястра!
Калі ён пайшоў, усезнаючы Юзэф папярэджвае:
— Не давайце сябе опэраваць. Гэта толькі навуковае вярозаньне старога. Ён так і накідваецца на кожнага, у каго заўважвае гэтую загану. Ён зробіць вам опэрацыю плоскай ступні і ў вас, праўда, потым гэтай заганы ня будзе, затое вы будуеце крываногім і праз усю жытку будзеце хадзіць абапіраючыся на кійкі.
— Дык што-ж нам рабіць? — пытаецца адзін з параненых.
— Адмовіцца. Вы тут каб лячыць свае раны, а ня плоскія ступні. Хіба ў вас на фронце ня было плоскіх ступняў? Ну, вось бачыце. Зараз вы яшчэ можаце хадзіць, але потым, як вы пабудзеце ў старога пад нажом, вы зробіцеся калекамі. Яму патрэбны матэрыял для досьледаў, для яго вайна, як і для ўсіх дактароў, — найлепшы час. Зірнеце вось у ніжняе аддзяленьне: там поўзае тузін людзей, якіх ён опэраваў. Некаторыя тут з чатырнаццатага і пятнаццатага году, па некалькі ўжо год. Ніводзін з іх ня ходзіць лепш, чымся раней, а амаль усе — горш. У большасьці ногі ў гіпсе. Праз кожныя паўгоду ён зноў іх ловіць і ламае ім косьці. Кожны раз ён упэўнівае, што