Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/155

Гэта старонка не была вычытаная

XI

Мы ўжо больш ня лічым тыдняў. Была зіма, калі я прыбыў на фронт, і пры выбухах гранат камякі мёрзлай зямлі зрабіліся гэткімі-ж небясьпечнымі, як і асколкі. Цяпер дрэвы зноў зазелянелі. Наша жыцьцё працякае між акопаў і баракаў. Мы ўжо з большага прызвычаіліся да гэтага. Вайна — гэта такая-ж прычына сьмерці, як рак або сухоты, як грып або крываўка. Толькі сьмяртэльных выпадкаў куды больш, формы іх больш рознастайныя і жорсткія.

Нашы думкі падобны да гліны: яны месяцца днямі па чарзе — яны лагодныя, калі мы раскашуем спакоем, яны зьмярцьвелыя, калі мы ляжым пад агнём. Разварочаныя палі наўкола ў нас у сярэдзіне.

Усе гэткія, ня толькі адны мы. Усё, што мінула, ня ў лік, ды мы і забыліся на мінулае. Адрозьненьні, створаныя адукацыяй і выхаваньнем, зьнікаюць. Толькі з вялікімі цяжкасьцямі можна іх распазнаць. Праўда, яны часам даюць выгоды, пасабляючы скарыстаць тое ці іншае становішча, але ў іх ёсьць і свае адмоўныя бакі, бо яны ствараюць сумненьні, якія трэба перамагаць. Мы падобны да монет з розных краін; іх пералілі і далі ім цяпер аднолькавую чаканку. Каб вызначыць розьніцу, давялося-б матэрыял дакладна дасьледваць. Мы раней за ўсё салдаты, і толькі на самым апошнім пляне нейкім дзіўным і саромлівым чынам выступае наша чалавечая асоба.

Усе мы складаем адно вялікае брацтва, у якім нейкія водгаласы сяброўства, якое апавядаецца ў народных сьпевах, пачуцьці солідарнасьці злачынцаў, асуджаных на сьмерць, і зьлітаванасьць іх адчаю, спалучыўшыся ў адно, прыводзяць на тую ступень жыцьця, якая ўзьнікае сярод небясьпекі, з напружнага чаканьня пагібелі, надзяляючы нас бяз усякага патосу, мімалётна выйгранымі ад сьмерці гадзінамі спакою. Героічна гэта ці банальна, хто адважыцца гэта вызначыць?

Т’ядэн, даведаўшыся аб варожай атацы, сьпяшаецца даесьці сваю гарохавую пахлёбку з салам, бо ён ня ведае, ці будзе ён жывы праз гадзіну. Мы доўга сьпіраемся ці правільна гэта. Кат гаворыць супроць: ён кажа, што трэба лічыцца з магчымасьцю быць параненым у жывот, і што на поўны страўнік гэта небясьпечней, чымся на пусты.

Гэткія пытаньні для нас — проблемы, мы глядзім на іх сур’ёзна ды яно і ня можа быць інакш. Жыцьцё тут, на мяжы сьмерці,