гора не пасьмеў-бы аб гэтым думаць. Толькі ён умее адрозьніваць. Калі-б боты мелі для Кемэрыха якую-небудзь вартасьць, дык Мюлер згадзіўся-б скарэй бегчы басанож па калючым дроце, чымся разважаць пра тое, як-бы іх атрымаць. Але зараз гэтыя боты зьяўляюцца рэччу, якая ня мае нічога агульнага са становішчам Кемэрыха, тады як Мюлер мог-бы добра імі карыстацца. Кемэрых памрэ, — дык ці ня ўсёроўна, хто іх атрымае? Чаму-б не прэтэндаваць на іх Мюлеру? А калі Кемэрых памрэ, будзе запозна. Таму Мюлер ужо цяпер ужывае патрэбныя захады. Іншых узаемаадносін мы болыш не разумеем, таму што яны штучныя. Для нас верны і важны толькі факты. А добрыя боты — рэдкая рэч.
Раней гэта было ўсё інакш. Калі мы зьявіліся да акруговага вайсковага начальніка, мы былі проста групай з дваццаці школьнікаў, з якіх шмат хто ўпяршыню ў гэты дзень за кампанію з усімі астатнімі пайшоў памаліцца, раней чым ступіць на двор казармы. У нас ня было цьвёрдых плянаў на будучае, думкі пра кар’еру і профэсію мала ў каго настолькі аформаваліся, каб зьяўляцца яскравым плянам існаваньня; затое мы былі паўнюткі няясных ідэй, якія ў нашых вачох надавалі жыцьцю і нават вайне амаль романтычны характар.
Мы набылі вайсковую падрыхтоўку за дзесяць тыдняў, і за гэты час нас перапрацавалі больш глыбока, чым у дзесяць год знаходжаньня ў школе. Мы даведаліся, што вычышчаны гузік мае больш значэньня, чым чатыры тамы Шопэнгауэра. Спачатку са зьдзіўленьнем, потым з прыкрасьцю і ўрэшце, з абыякавасьцю мы ўпэўніліся, што ня дух мае рашаючае значэньне, а шчотка для ботаў, ня мысьль, а сыстэма, ня вольнасьць, а субордынацыя. Мы з захапленьнем і па сваёй ахоце зрабіліся салдатамі, але з намі зрабілі ўсё, каб вытруціць з нас і гэта. Пасьля трох тыдняў для нас ужо не здавалася незразумелым, што ў якога-небудзь поштальёна над намі больш улады, чым раней у бацькоў, выхавальнікаў і ўсіх сьвяціл культуры, пачынаючы ад Платона і канчаючы Гётэ. Сваімі маладымі зоркімі вачыма мы ўбачылі, што клясычнае разуменьне нашых настаўнікаў аб радзіме тут ператварылася ў такое адмаўленьне ад асобы, якога-б мы ніколі-б не патрабавалі ад апошняга слугі. Аддаваць чэсьць, станавіцца ва фронт, маршыраваць, браць на каравул, направа, кругом, ляскаць шпорамі, лаянка і тысячы прычэпак, — мы ўяўлялі сабе сваю задачу іншай, але ўбачылі, што нас рыхтуюць на геройства, як цыркавых коняй. Мы скора прызвычаіліся да гэтага. Мы нават зразумелі,