гэтыя скручаныя постаці, у якіх колікі гоняць кроў з цела і якія з пакрыўленымі і дрыжачымі ад болю вуснамі яшчэ спрабоўваюць жартаваць!
— Няма сэнсу зноў нацягваць штаны!
Наша артылерыя сьцішылася, у яе вельмі мала знарадаў, а каналы гарматаў да таго пацёрты, што не даюць правільнага прыцэлу і часам б’юць па сваіх. У нас вельмі мала коняй. Нашы сьвежыя войскі складаюцца з малакроўных, якія маюць патрэбу ў лячэньні, хлапчукоў. Яны няздольны несьці ранец і ўмеюць толькі паміраць. Паміраць тысячамі. Яны нічога ня ведаюць пра вайну, яны толькі ідуць наперад і даюцца на растрэл. Адзін аэроплян, жартуючы, пастраляў дзьве такіх роты, якія толькі-толькі выгрузіліся з цягніка, раней чымся яны здагадаліся пашукаць заслоны.
— Нямеччына хутка зусім спустошыцца, — гаворыць Кат.
Мы ужо страцілі надзею, што калі-небудзь будзе канец. Мы наогул ні аб чым больш ня думаем. Можна атрымаць кулю ў галаву і быць забітым; можна быць параненым, тады найбліжэйшым этапам зьяўляецца лазарэт. Калі ў лазарэце ня зробяць ампутацыі, тады рана або позна патрапіш у рукі аднаго з штабных дактароў з вайсковай нагародай у пятліцы і пачуеш:
— Што, усяго толькі трохі пакарочаная нага? Калі вы ня з трусоў, — вам на фронце бегаць ня прыдзецца. Гэты чалавек з. в.[1] Ідзеце!
Кат расказвае анэкдот, які абышоў па ўсім фронце, ад Вогэзаў да самай Фляндрыі, — пра штабнога доктара, які на аглядзе чытае прозьвішчы па сьпісе і, калі выкліканы падыходзіць, кажа, ня гледзячы на яго: «З. в. — нам патрэбны салдаты на фронце». Падыходзіць салдат з драўлянай нагой. Доктар кажа: «З. в.».
— І тады, — Кат узьнімае голас, — салдат яму гаворыць: «Драўляная нага ў мяне ўжо ёсьць, але калі я цяпер адпраўлюся на фронт, і ў мяне адарве галаву, тады я дам сабе зрабіць драўляную і зраблюся штабным доктарам».
Мы ўсе глыбока задаволены гэтым адказам.
Ёсьць і добрыя дактары, і іх нават ня мала, але пасьля сотні аглядаў кожны салдат калі-небудзь абавязкова патрапіць да аднаго
- ↑ Здатны ваяваць.