— Ён паранены ў галёнку, — кажу я.
Санітар стаіць на сваім:
— Галёнка таксама.
Я абарачваюся. Вочы мае ўсё яшчэ мутныя.
Зноў выступае пот, ён цячэ мне на вочы. Я выціраю яго і гляджу на Ката. Ён ляжыць нярухома.
— Бяз прытомнасьці, — кажу я борзда.
Санітар ціха сьвісьціць:
— Мне гэта лепш ведаць! Ён мертвы. За гэта я чым хочаш закладуся.
Я матаю галавой:
— Немагчыма. Яшчэ дзесяць хвілін назад я з ім гутарыў. Ён у няпрытомнасьці.
Рукі ў Ката цёплыя. Я бяру яго за плечы, каб працерці яму твар гарбатай. Тут я чую, што мае пальцы сталі мокрыя. Калі я выцягваю іх з-пад ягонай галавы, — я бачу, што яны ў крыві.
Санітар пасьвіствае праз зубы:
— Вось бачыш!
Кат няпрыкметна для мяне па дарозе быў паранены яшчэ асколкам у галаву. У яго толькі маленькая дзірка: напэўна гэта быў зусім невялічкі, выпадкова заблукаўшы, асколак. Але і яго было досыць: Кат мертвы.
Я паволі ўстаю.
— Хочаш узяць яго асабістую кніжку і рэчы? — пытаецца ў мяне яфрэйтар.
Я ківаю галавой і ён дае іх мне.
Санітар зьдзіўлены:
— Вы-ж ня родныя?
— Не, мы ня родныя. Не, мы ня родныя.
Ці іду я? Ці ёсьць у мяне ’шчэ ногі? Я паднімаю вочы, я абводжу імі наўкола і паварачваюся разам з імі, я раблю круг, яшчэ адзін, пакуль ня спыняюся. Усё як і раней. Толькі памёр салдат з запасных — Станіслаў Катчынскі.
Потым я трачу прытомнасьць.