Было таксама шмат прыстойных, больш рассудных капралаў, і такіх было нават большасьць. Але кожны з іх раней ад усяго імкнуўся як мага больш пратрымацца на бясьпечным месцы ў тыле, а гэта можна было зрабіць толькі будучы строгім з новабранцамі.
На нашу долю прыпала такая казарменная шліфоўка, якой немажліва сябе ўявіць, і нам часта даводзілася раўсьці ад ашалеласьці. Шмат хто з нас захварэў у гэтых абставінах, Вольф нават памёр ад запаленьня лёгкіх. Але мы-б зрабіліся ўсеагульным паглумішчам, калі-б пакорліва ўсё выконвалі. Нас зрабілі жорсткімі, недаверлівымі, бязжаласьлівымі, помстлівымі, грубымі, — і гэта было добра, бо іменна гэтых уласьцівасьцяй нам не хапала. Калі-б нас паслалі ў акопы бяз гэтай падрыхтоўкі, дык, мабыць, большасьць з нас звар’яцела-б.
А цяпер мы былі падрыхтаванымі да таго, што нас чакала. Мы не зламаліся, мы здолелі прыстасавацца; нашы дваццаць год, якія нам шмат да чаго былі перашкодай, тут прыйшлі нам на дапамогу. Але самым значным было тое, што ў нас прачнулася моцнае, практычнае пачуцьцё зьлітаванасьці, якое пасьля, у акопах, вырасла ў найлепшае, што прынесла вайна — у таварыскасьць!
Я сяджу на Кемэрыхавым ложку. Яму ўсё горш і горш. Наўкола нас вялікая тузаніна. Прыбыў санітарны цягнік, і параненыя, здольныя да пераезду, эвакуююцца. Праз Кемэрыхаў ложак праходзіць доктар. Ён нават ня кінуў вокам на Кемэрыха.
— Наступным разам, Франц! — кажу я.
Ён прыпаднімаецца, абапіраючыся на падушку локцямі.
— Яны мяне ампутавалі.
Дык ён ўжо ведае пра гэта! Я ківаю і кажу:
— Радуйся, што хоць так адрабіўся!
Ён маўчыць.
— Ты мог-бы пазбавіцца абедзьвюх ног, Франц! — працягваю я. — Вэгелер страціў правую руку. Гэта куды горш. Цяпер ты паедзеш дамоў.
— Ты думаеш?
— Вядома!
Ён паўтарае:
— Ты думаеш?
— Бязумоўна, Франц! Табе толькі трэба ачуняць пасьля опэрацыі.