Я кідаю погляд на свае боты. Яны вялікія і нязграбныя. Штаны запрўлены ў сярэдзіну, калі ўстаеш, дык у гэтых шырокіх трубах выдаешся шырокім і дужым. Але калі мы ідзем у лазьню і распранаемся, у нас зноў, нечакана, тонкія ногі і вузкія плечы. Тады мы перастаем быць салдатамі, а робімся амаль хлапчукамі; ніхто-б нават ня даў веры, што мы ўмеем насіць ранцы. Дзіўныя моманты, калі мы бываем аголенымі; тагды мы робімся «цывільнымі», і нават амаль што адчуваем сябе імі.
Франц Кемэрых паказваўся ў лазьні маленькім і тонкім, як дзіцё. Цяпер ляжыць ён тут. Але чаму?.. Варта было-б увесь сьвет прывесьці да гэтага ложка і сказаць:
— Гэта Франц Кемэрых, дзевятнаццаці з паловай год. Ён ня хоча паміраць. Ня дайце яму памерці!
Мае думкі блытаюцца. Гэта паветра, насычанае карболкай і гарэлым, забірасцца ў грудзі і цісьне, нібы ліпучая густая каша.
Зьмяркаецца. Кемэрыхаў твар блякне, ён прыпаднімаецца з падушкі, ён да таго бледны, што здаецца, нібы ён сьвеціцца. Рот павольна кратаецца. Я набліжаюся да яго. Ён шапоча:
— Калі вы знойдзеце мой гадзіньнік, — адашлеце яго дамоў.
Я не супярэчу яму. Няма больш чаго. Яго ўжо нельга пераканаць. Я поўны пачуцьця балючай беспараднасьці. Гэты лоб з праваленымі скронямі, гэты рот, у якім засталіся толькі адны зубы, гэты завостраны нос! А дома тлустая жанчына, якая плача, якой я мушу пісаць. Ах, калі-б гэты ліст быў ужо адосланы!
Санітары праходзяць міма з бутэлькамі і вёдрамі. Адзін падыходзіць, кідае на Кемэрыха дапытлівым вокам і зноў адыходзіць. Відаць, што ён чакае; напэўна яму патрэбны ложак.
Я падсоўваюся бліжэй да Франца і кажу, быццам гэта можа яго выратаваць:
— Можа быць, ты трапіш у дом адпачынку ў Клёстэрбэрдзе, Франц, між віллаў? Тады ты зможаш глядзець праз акно, у далічыню, да дрэў на горызонце. Цяпер самы лепшы час, зараз сьпее збожжа; увечары, на захадзе сонца, палі выдаюцца пэрлямутравымі. А таполевая алея ўздоўж кляшторнай рэчкі, у якой мы лавілі калючак. Ты зможаш тады зноў наладзіць акварыум і разводзіць рыб, ты зможаш выходзіць нікога ня пытаючыся, і нават, калі пажадаеш, ты зможаш граць на роялі.