ён будзе кпіць з яго. У гэтым і месьцілася прычына, чаму Гімэльштос ня мог нас прывесьці да пакорлівасьці: мы заўсёды лічыліся з тым, што калі-ні-калі ды прыцісьнем яго, самае позьняе — па сканчэньні вайны.
А мы хацелі як сьлед намуліць яму бакі. Што магло нам пагражаць, калі ён нас не пазнае? А заўтра раніцою мы ўсёроўна накіроўваемся на фронт.
Мы ведалі, у якім шынку звычайна ён бывае па вечарох. Зьвяртаючыся адтуль у казарму, ён павінен быў праходзіць па цёмнай, незабудаванай вуліцы. Там мы яго і чакалі, захаваўшыся за крушняй каменьня. Я захапіў з сабой прасьцірадла. Мы дрыжэлі ад чаканьня і ад думкі, што ён будзе не адзін. Нарэшце, мы пачулі яго крокі, якія мы досыць добра вывучылі, бо чулі іх кожнае раньне, калі ён расхінаў дзьверы і роў: «Уставаць!»
— Адзін? — прашаптаў Кроп.
— Адзін!
Мы з Т’ядэнам пачалі падкрадвацца з-за крушні каменьня. Вось бліснула спражка на портупэі. Гімэльштос быў трохі пад чаркай: ён нешта напяваў. Нічога не падазраючы, ён пасоўваўся наперад.
Мы схапілі прасьцірадла, у адзін скок здагналі яго, накінулі яго яму на галаву і прыгнулі яго лоўка, так што ён спыніўся нібы белы мех, ня маючы магчымасьці падняць рук. Сьпяваньне сьціхла.
У наступны момант падбег Гайе Вэстгус і адвінуў нас назад, каб быць першым. Ён стаў у выгодную позу, накшталт сыгнальнай мачты падняў руку, шырокую як рыдлёўку, і адважыў па белым мяху такі ўдар, які зваліў-бы быка.
Гімэльштос паваліўся, адляцеў на пяць мэтраў і пачаў раўсьці. Мы ўлічылі гэта загадзя, а таму захапілі з сабой падушку. Гайе прысеў, паклаў падушку сабе на каленкі, схапіў Гімэльштоса за тое месца, дзе павінна быць галава, і прыціснуў яго да падушкі. Роў адразу-ж зрабіўся больш глухім. Гайе даваў яму час ад часу зьвесьці дух. Тады з горла вырываўся цудоўны праразьлівы крык, які зараз-жа зноў заглушаўся.
Цяпер Т’ядэн адшпіліў у Гімэльштоса шлейкі і спусьціў штаны. Пры гэтым гарапнік ён трымаў у зубах. Потым ён устаў на ногі і пачаў дзейнічаць.