На дарозе сустракаюцца разьбітыя знарадамі павозкі. Новы загад:
— Кінуць папяросы і люлькі!
Мы падышлі ўшчыльную да акопаў.
Тым часам зрабілася зусім цёмна. Мы абыходзім лясок, і вось перад намі вучастак фронту.
Нявыразнае чырвонаватае сьвятло стаіць на горызонце, ад аднаго краю да другога. Яно ўвесь час рухаецца, устрасаемае агнём гармат. Асьвятляльныя ракеты высока ўзьнімаюцца над ім — срэбныя і чырвоныя, покаюць і рассыпаюцца дажджом белых, зялёных і чырвоных зорак. У паветра ўзьлятаюць францускія ракеты. Яны расхінаюць шоўкавы парашут і потым павольна апушчаюцца ўніз. Яны асьвятляюць усё як удзень, іх бляск дасягае нас. Мы бачым як рэзка на зямлі выдзяляюцца нашы цёні. Цэлую хвіліну яны плывуць у паветры, да таго як згаснуць. Адразу-ж усюды ўзьнімаюцца новыя, паміж іх зноў зялёныя, чырвоныя, сінія.
— Пагана! — бурчыць Кат.
Грохат гармат узмацняецца да суцэльнага заглушанага выцьця, потым зноў распадаецца на паасобныя групы выбухаў. Суха трашчаць залпы кулямётаў. Над намі паветра напоўнена нябачнымі скрыгатаньнямі, выцьцём, сьвістам і шыпеньнем. Гэта дробна-калібравыя знарады; але ў перамежку гудуць і буйныя чэмоданы. Яны праразаюць ноч і падаюць далёка за намі. Яны выпушчаюць рыклівы, хрыпаты аддалены вокліч, як алені ў часе спараваньня, і пракладаюць сабе шлях высока над выцьцём і сьвістам дробных знарадаў.
Прожэктары пачынаюць рысаваць па чорным небе. Яны коўзаюцца, быццам гіганцкія лінейкі, якія звужаюцца пры канцы. Адна спынілася і толькі зьлёгку ўздрыгвае. Зараз-жа да яе далучаецца другая. Яны скрыжаваліся, паміж іх чорная казюрка, якзя імкнецца схавацца: аэроплян. Ён губляе ўпэўненасьць, ён асьлеплены і дрыжыць.
Мы забіваем жалезныя слупы на роўнай адлегласьці адзін ад аднаго. Два чалавекі трымаюць скрутак, а іншыя разматваюць калючы дрот. Гэты агідны дрот, з штычна прылягаючымі адзін да аднаго доўгімі шыпамі. Я ўжо адвык ад разматваньня і пісажу сабе рукі.
Праз некалькі гадзін работа скончана. Але ў нас яшчэ ёсьць час да прыходу грузавікоў. Большая частка з нас кладзецца і сьпіць.