Я імкнуўся зрабіць тое-ж самае. Аднак халаднавата. Прыкметна, што знаходзішся паблізу мора, увесь час прасынаешся ад холаду.
Урэшце мне шэнціць моцна заснуць. Раптам прачнуўшыся, нібы ад штуршка, я ніяк не магу сьцяміць, дзе я знаходжуся. Я бачу зоркі, бачу ракеты што ўзьлётваюць угару, і на адно мгненьне ствараецца ўражаньне, быццам я заснуў на ўрачыстасьці ў садзе. Я ня ведаю, раніца цяпер або вечар, я ляжу ў бледнай калысцы змроку і чакаю пяшчотных слоў, якія павінны гучаць ласкава і шчыра. Няўжо я плачу? Я выціраю вочы. Гэта так цудоўна! Хіба я дзіцё? Кволы малы! Гэта цягнецца толькі адну сэкунду, потым я пазнаю сылюэт Катчынскага. Ён сядзіць спакойна, гэты стары салдат, і курыць люльку, — люльку з вечкам, зразумела! Калі ён бачыць, што я прачнуўся, ён гаворыць:
— Здорава ты ўздрыгнуў! Гэта быў толькі запальны знарад. Ён прасьвісьцеў там у кустох.
Я прыпаднімаюся і адчуваю сябе дзіўна самотным. Добра, што Кат тут. Ён задумліва глядзіць на фронт і кажа:
— Цудоўны фэйервэрк, калі-б гэта ня было так небясьпечна!
Адзаду нас разрываецца знарад. Некалькі новабранцаў спуджана падскакваюць. Праз дзьве хвіліны зноў бліскае выбух, ужо бліжэй. Кат выбівае люльку.
— Цяпер пастраляюць.
Ужо пачалося. Мы адпаўзаем назад у непарадку. Наступны знарад падае ўжо сярод нас.
Двое-трое ўскрыкваюць. На горызонце ўзьнімаюцца зялёныя ракеты. Гразь узьлятае ўгару, гудуць асколкі. Чутно як яны шчоўкаюць, калі грукат выбуху ўжо даўно сьціх.
Каля нас ляжыць ахоплены страхам новабранец з бялявай галавой. Ён сьціснуў твар рукамі. Яго шлем адкаціўся ўбок. Я падбіраю яго і хачу надзець яму на галаву. Ён глядзіць на мяне, адштурхвае шлем і падпаўзае да мяне, хаваючы, як дзіцё, галаву мне пад рукі, усутыч да грудзей. Яго вузкія плечы дрыжаць. Плечы, якія былі ў Кемэрыха.
Я дазваляю яму шукаць у сябе аховы. Аднак, каб шлем на што-небудзь-бы згадзіўся, я напяльваю яго яму на азадак, не з свавольства, а з перасьцярогі, бо гэтая частка цела больш за ўсё выпукліваецца. Хоць тут і тоўсты пласт мяса, але параненьні заду вельмі