Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

— Што з табой Кат? — пытаецца Кроп.

— Я-б хацеў, каб мы былі ўжо дома!

Домам ён называе баракі.

— Цяпер ужо нядоўга, Кат!

— Ня ведаю, ня ведаю… — гаворыць ён нэрвуючыся.

Мы праходзім траншэі і выходзім потым на луг. Выплывае лясок; тут кожны корч зямлі нам знаёмы. Вось ужо могілкі, з могілкавымі ўзгоркамі і чорнымі крыжамі.

У гэты момант адзаду раздаецца сьвіст, потым выцьцё, трэск, грукат. Мы нахіляемся. На сто мэтраў паперадзі нас узьлётвае вобалак дыму.

У наступную хвіліну ад другога выбуху паволі ўзьнімаецца над верхавінамі кавалак лесу, угору плывуць тры-чатыры дрэвы, пры гэтым яны рашчапляюцца на трэскі. Ужо шыпяць, як кацельныя вінтылі, чарговыя гранаты. Моцны агонь.

— Пад заслону! — крычыць нехта. — Пад заслону!

Лугі роўныя, лес завельмі далёка і небясьпечны; іншай заслоны ў нас няма, апрача могілак ды могілкавых узгоркаў.

Мы ўпацёмку кідаемся туды, і кожны адразу-ж, быццам яго гоніць вецер, прыцішаецца за могілкавай наспай.

Кожная сэкунда дорага. Ноч робіцца вар’яцкай. Усё хвалюецца і люцее. Цемра, чарнейшая за ноч, налятае на нас з гіганцкім гарбом і праносіцца над намі. Успышкі выбухаў палымнеюць над могілкамі.

Выйсьця няма. Пры блеску выбухаў я асьмельваюся глянуць на лугі. Яны становяць сабою разбушаванае мора, полымя ад гранат, што выбухаюць, узьнімаецца фронтам. Ня можа быць, каб хто-небудзь зьвярнуўся адтуль.

Лес зьнікае. Ён стоўчаны, падраны, раскірзаны… Нам трэба заставацца тут на могілках.

Наперадзі нас разрываецца зямля. Дажджом падаюць камяні. Я адчуваю штуршок. Мой рукаў разадраны асколкам. Я сьціскаю кулак. Ніякага болю. Але гэта не заспакойвае мяне, пакалечаньні цела прычыняюць боль значна пазьней. Я абмацваю руку. Яна запэцкана але не пашкоджана. Раптам мяне б’е па чэрапе так, што мне здаецца нібы я трачу прытомнасьць. «Толькі-б ня страціць прытомнасьць!» — я апускаюся ў чорнае нябыцьцё і адразу-ж зноў ачуньваю. Асколак ударыў па маім шлеме, ён прыляцеў здалёк і ня мог прабіць яго.