— Што трэба разумець пад «шчапленьнем» — казырае ў сваю чаргу той.
Ня шмат запомнілі мы з усяго гэтага барахла. Да таго-ж гэта і не згадзілася нам. Аднак у школе ніхто нас не навучаў, як на дажджу і ў непагадзь запаліць папяроску, як распаліць вогнішча з мокрых дроў, альбо што штых лепш за ўсё ўторкваць у жывот, бо пры ўдары ў рэбры ён можа там застрэць.
Мюлер гаворыць у задуменьні:
— Усёроўна нам давядзецца сесьці на школьную лаву.
Я лічу гэта немагчымым.
— Быць можа, мы будзем проста здаваць дыплёмны экзамен.
— Для гэтага патрэбна падрыхтоўка. А калі ты здасі, што тады? Быць студэнтам ня шмат чым лепш. Калі ў цябе няма грошай.
— Усё-ж гэта лепш. Але, апрача глупства, там нічаму не навучаць.
Кроп згаджаецца з намі.
— Як можна прымаць усё на сур’ёз пасьля таго, як мы пабывалі тут?
— Але-ж ты мусіш мець якую профэсію! — дадае Мюлер, зусім як Канторэк сваёй уласнай пэрсонай.
Альбэрт чысьціць сабе пазногці нажом. Мы зьдзіўлены яго акуратнасьцю. Але гэта толькі ад бязуважлівасьці. Ён адкідае нож і абвяшчае:
— У гэтым вось і справа… Кат, Дэтэрынг і Гайе зноў зьвернуцца да свайго рамяства, таму што яны займаліся ім і раней. Гімэльштос таксама. У нас-жа сваёй профэсіі ня было. Як-жа пасьля ўсяго гэтага, — ён робіць гэст у бок фронту, мы здолеем прыўчыць сябе да якой-небудзь справы?
— Варта было-б зрабіцца рант’е і жыць сабе ды пажываць у поўнай самоце ў лесе, — кажу я, але адразу-ж стыдаюся гэтай марнай думкі.
— Што толькі будзе, калі мы зьвернемся назад?.. — гаворыць Мюлер і сам палохаецца…
Кроп паціскае плячыма.
Ня ведаю, абы зьвярнуцца, а там пабачым.
Ні ў каго з нас, па сутнасьці няма адказу.
— А што-ж можна рабіць? — пытаюся я.
— У мяне ні да чаго няма ахвоты, — адказвае стомлена Кроп.