Вядома, ніхто гэтага ня ведае. Гімэльштос злосна пазірае на нас.
— Вы напэўна ведаеце. Толькі ня хочаце казаць. Кажэце зараз-жа! — Фэльдфэбэль шмыгае вачыма па бакох: Т’ядэна нідзе няма. Ён намагаецца павярнуць справу ў другі бок. — Праз дзесяць хвілін Т’ядэн павінен зьявіцца ў канцылярыю.
З гэтым ён адыходзіць. Гімэльштос цягнецца за ім.
— У мяне такое прадчуваньне, што ў наступны раз на шанцавых работах я кіну скрутак дроту на Гімэльштосавы ногі, — разважае Кроп.
— Мы яшчэ зробім над ім шмат штуковін, — сьмяецца Мюлер.
Я іду ў баракі і паведамляе Т’ядэну аб становішчы спраў, каб ён мог зьнікнуць.
Потым мы зьмяняемся месцамі і зноў пачынаем гуляць у карты. Гэта мы можам: гуляць у карты, ваяваць і лаяцца. Ня шмат для дваццаці гадоў, — завельмі шмат для дваццаці гадоў.
Праз паўгадзіны Гімэльштос зноў ля нас. Ніхто не зварочвае на яго ўвагі. Ён пытаецца пра Т’ядэна. Мы ціскаем плячыма.
— Ты-ж павінен быў шукаць яго! — настойвае ён.
— Хто гэта ты? — хоча даведацца Кроп.
— Ну, ты, і твой сусед, і ўсе хто тут.
— Я-б папрасіў вас ня тыкаць нас, — гаворыць Кроп у тоне палкоўніка.
Гімэльштос нібы з неба зваліўся.
— Хто-ж вас тыкае?
— Вы.
— Я?
— Ага.
— Гэта яго бярэ за жывое. Ён недаверліва глядзіць на Кропа таму, што ён ня мае ніякага ўяўленьня пра тое, чаго той хоча. Усё-ж у гэтым выпадку ён не давярае сабе і зноў зварочваецца да нас:
— Хіба яго не знайшлі?
Кроп кладзецца на траву і пытаецца:
— Вы былі ўжо калі-небудзь на фронце?
— Гэта ня ваша справа! — адразае Гімэльштос. — Я патрабую адказу.
— Добра, — адказвае Кроп і падымаецца. — Паглядзеце вось туды, дзе маленькія вобалачкі. Гэта выбухі францускіх шрапнэляй. Мы былі там учора. Пяцёра забітых, васьмёра параненых. Гэта было