Нарэшце Катчынскі закрычаў яму:
— Ну, адчыняй сваю супавую крамку, Гэнрых! Ясна-ж, што фасоля даўно ўжо гатовая.
Той вяла паківаў галавой:
— Сьпярша ўсе зьбярэцеся.
Т’ядэн усьміхнуўся:
— Мы ўсе тут.
Унтэр-афіцэр яшчэ нічога ня ведаў.
— Гэта-б было вам на руку. А дзе-ж усе астатнія?
— Табе ня прыдзецца іх карміць: у палявым лазарэце ды брацкай магіле.
Кашавар быў ашаломлены, даведаўшыся пра здарэньні. Ён завагаўся:
— А я вось наварыў на сто пяцьдзесят чалавек!
Кроп тхнуў яго ў рэбры:
— Тады мы хоць аднаго разу будам сытымі. Ну, жыва, пачынай!
Раптам Т’ядэну ўспала на розум нейкая думка. Яго востры мышыны твар, як звычайна, зазьяў. Вочы звузіліся ад хітрасьці, шчокі зядзёргаліся, і ён падышоў бліжэй:
— Дзяцюк, дык ты хлеба таксама атрымаў на сто пяцьдзесят чалавек?
Унтэр-офіцэр, ашаламлёны і зьбянтэжаны, пацьвердзіў кіўком галавы.
Т’ядэн схапіў яго за шынэль:
— Каўбасу таксама?
Падобная да памідору галава зноў заківала.
У Т’ядэна задрыжэлі сківіцы:
— Тутуну таксама?
— Так, так, увесь харч.
Т’ядэн зьзяючы, азірнуўся.
— А ліха яго вазьмі, ну і шанцуе-ж нам! Дык гэта ўсё для нас! У такім выпадку кожны атрымае, — пачакайце, — ну, вядома, якраз падвойныя порцыі!
Тут памідор абвясьціў:
— Гэта ня пройдзе…
Аднак мы ажывіліся і прасунуліся наперад.
— Чаму-ж ня пройдзе, маркоўка? — запытаўся Катчынскі.