Пацукі тут асабліва агідны, яны праз пару ўжо вялікія. Яны належаць да тых, якіх называюць трупнымі пацукамі. У іх агідныя, злосныя мордачкі, і становіцца моташна, калі бачыш іх доўгія голыя хвасты.
Яны, відаць, вельмі галодныя. Яны пажэрлі хлеб амаль-што ва ўсіх нас. Кроп старэнна завярнуў свой паёк у палотнішча ад палаткі і паклаў сабе пад галаву, але яму не даводзіцца спаць, яны поўзаюць па яго твары, спрабуючы дастаць хлеб. Дэтэрынг уздумаў перахітраваць іх; ён прымацаваў да столі тонкі дрот і навязаў да яго свой клунак з хлебам. Уначы, накіраваўшы туды сьвятло ад свайго кішанёвага ліхтарыка, ён убачыў, што дрот хістаецца: на хлебе сядзеў тлусты пацук.
Нарэшце мы знаходзім выйсьце. Кавалкі хлеба, абгрызеныя зьвяр’ём, мы акуратна вырэзваем. Кідаць хлеб мы ні ў якім разе ня можам, інакш нам няма чаго будзе есьці на заўтра.
Адрэзаныя кавалкі мы складаем на зямлі, пасярод памяшканьня. Кожны з нас узбройваецца лапатай і кладзе яе ля сябе. Дэтэрынг, Кроп і Кат трымаюць напагатове свае кішанёвыя ліхтарыкі.
Ужо праз некалькі хвілін мы чуем першае скрыгітаньне і драпаньне. Гукі ўзмацняюцца. Цяпер ужо шмат маленькіх лапак. Але вось запальваюцца кішанёвыя ліхтарыкі, і ўсе б’юць па чорным клубку, які разьлятаецца. Поўны посьпех. Мы выкідваем пачыкрыжаных пацукоў за акно і зноў кладземся сьцерагчы іх.
Яшчэ аднаго разу шэнціць нам наладзіць бойню. Потым зьвяр’ё, мабыць, нешта заўважае, або чуе кроў. Яны больш ня ідуць. Але ўсё-ж ткі наступнай раніцай мы бачым, што яны падабралі ўсе рэшткі хлеба.
На суседнім вучастку яны напалі на двох вялікіх катоў і сабаку, загрызьлі іх на сьмерць і паласаваліся імі.
Наступны дзень нам выдаюць галяндзкі сыр. Кожны атрымлівае амаль па палове сыру. Гэта з аднаго боку і добра, бо сыр смачны, з другога боку і кепска, бо гэтыя грубыя чырвоныя галы заўсёды служаць для нас адзнакай набліжэньня бойні. Наша прадчуваньне ўзмацняецца, калі нам даюць яшчэ і гарэлкі. Мы яе п’ем, аднак наш настрой працягвае заставацца брыдкім.
Увесь дзень мы спаборнічаем у страляньні аб заклад па пацукох і швэндаемся бяз справы. Запасы патронаў і ручных гранат папаўняюцца. Мы аглядаем нашы штыхі.