нутым усутыч да зямлі — бывае так цяжка адрозьніць адкуль даносіцца крык.
У яго, відаць, цяжкае параненьне, адно з тых жудасных параненьняў, якое ня так моцна, каб хутка зьнясіліць цела і прывесьці чалавека ў паўпрытомны стан, але і ня так слабое, каб можна было лёгка цярпець боль з надзеяй на хуткую палёгку. Кат мяркуе, што ў яго ці пакрышана лагво, або куляй пашкоджаны хрыбет. Грудзі, напэўна, не кранутыя, інакш ён ня меў-бы столькі сілы, каб крычаць. Пры іншых параненьнях мы пабачылі-б як ён рухаецца…
Ён паступова сіпне. Голас гучыць так трагічна, нібы ён зыходзіць адусюль. Першай начы ад нас тройчы выходзілі людзі. Але, калі ім здавалася, што яны спаймалі кірунак адкуль ідуць гукі і паўзьлі туды, голас гучаў з процілеглага боку.
Мы дарэмна шукаем да самых досьвіткаў. На працягу ўсяго дня мы разглядаем мясцовасьць у бінокль: нічога не прыпадае выкрыць. На другі дзень чалавек крычыць цішэй; можна здагадацца, што вусны і рот у яго перасохлі.
Наш ротны абяцаў таму, хто яго знойдзе, водпуск у першую чаргу і тры дадатковых дні. Гэта моцная прываба, але мы і без яе зрабілі-б усё магчымае, таму што гэтыя крыкі страхатлівыя. Кат і Кроп яшчэ раз накіроўваюцца пасьля поўдня. Пры гэтым Альбэрт зварачваецца з прастрэленым вухам. Усё дарэмна: яны не знайшлі яго.
Ясна можна расчуць, што ён крычыць. Спачатку ён толькі клікаў на дапамогу, другой начы ў яго, відаць, узьняўся пал, ён размаўляў з сваёй жонкай і дзецьмі, мы часта чуем імя Элізы, якое ён паўтарае. Сёньня ён толькі плача. Над вечар голас слабне да крактаньня. Але ён яшчэ ціха стогне праз усю ноч. Мы так добра чуем таму, што вецер дзьме ў кірунку да нашых акопаў. Раніцой, калі мы ўсе лічым, што ён даўно супакоіўся, раздаецца ’шчэ раз яго прадсьмяротнае хрыпеньне.
Дні палючыя, а забітыя ляжаць непахаванымі. Мы ня можам перацягнуць усіх, мы ня ведаем куды іх падзець. Іх хаваюць гранаты. У шмат каго жываты раздуюцца як галы. Яны сіпяць, рыгаюць і рухаюцца. У іх брузуюць газы.
Неба блакітнае і бясхмарнае. Пад вечар робіцца парна, і гарачыня ўзьнімаецца ад зямлі. Калі на нас дзьме вецер, ён нясе да нас цяжкі і няпрыемна салодкаваты пах крыві, — трупныя выпарэньні