Ня гледзячы на мацнейшае ўзбуджаньне, у той момант, калі мы выбягаем, мяне раптам прыцінае думка: «Я ня бачу Гімэльштоса». Я шпарка зварочваюся назад у бліндаж і бачу, што ён захаваўся ў куток, у яго нязначны пісаг, але ён прыстаўляецца параненым. У яго твар як у пабітага. Ён калоціцца ад страху. Праўда, ён тут навак. Але мяне абурае тое, што моладзь выйшла з бліндажу, а ён усё яшчэ тут.
— Прэч! — сычу я.
Ён ня кратаецца, вусны яго дрыжаць, вусны трасуцца.
— Прэч! — кажу я зноў.
Ён падціскае пад сябе ногі, туліцца да сьцяны і шчэрыць зубы, як сабака.
Я хапаю яго за руку і хачу прымусіць яго ўзьняцца. Ён скавыча.
Тады мае нэрвы ня вытрымліваюць.
Я ўчапляюся ў яго глотку, я трасу яго як мех, так што галава яго целяпаецца з боку ў бок, і крычу яму ў твар:
— Паскуда! Ці выйдзеш ты адсюль, сабака, скура, ці будзеш ты яшчэ хавацца? — Ён застыг. Я таўку яго галавой у сьцяну. — Быдла! — Я выткнуў яго нагамі пад рэбры. — Сьвіньня! — Я выштурхваю яго галавой наперад.
Якраз да нас набліжаецца наступная шарэнга. З імі ідзе лейтэнант.
Ён бачыць нас і крычыць:
— Наперад, наперад, далучайцеся да нас!
І тое, чаго не магло зрабіць маё біцьцё, зрабілі яго словы. Гімэльштос пачуў голас начальніка, нібы прачнуўшыся, азірнуўся і далучыўся да шарэнгі.
Я іду за ім сьледам і бачу як ён скача. Ён зноў зрабіўся спраўным Гімэльштосам з казарменнага пляцу, ён нават выпярэдзіў лейтэнанта і бяжыць далёка паперадзе.
Гураганны агонь, заслонны агонь, міны, газ, танкі, кулямёты, ручныя гранаты — усё словы і словы, але яны месьцяць у сябе ўсю жудасьць сьвету.
Нашы твары пакрыліся шкарупінай бруду, нашы думкі спустошаны; калі трэба ісьці ў атаку, шмат каго даводзіцца расштурхваць кулакамі, каб яны прачнуліся і ішлі наперад. Вочы ў нас пагасьлі, рукі сьпісяжаны, каленкі крывавяць, локці падзёрты да крыві.