разу-ж адклала для мяне. Я сяджу ля яе ложка. Скрозь вокны бачны залаціста-цынамонавыя каштаны, насупраць, у садзе ля гасьцініцы. Я павольна дыхаю і кажу сабе: «Ты дома, ты дома!» Але замяшаньне не пакідае мяне, я яшчэ магу да ўсяго прызвычаіцца. Вось мая маці, мая сястра, вось мая скрынка з матылямі і піяніна з чырвонага дрэва, але я яшчэ ня зусім прачухаўся. Усё аддзелена нейкай плеўкай і адлегласьцю. Таму я іду, дастаю свой ранец, прыношу яго да ложка і пачынаю выкладаць тое, што я прывёз: цэлы сыр, які Кат прыдбаў для мяне, дзьве баханкі салдацкага хлеба, тры чвэрткі фунта масла, дзьве банкі лівэрнага паштэту, адзін фунт топленага сала і мяшочак рысу.
— Гэта напэўна спатрэбіцца.
Яны сьцьвярджаюча ківаюць.
— Тут з гэтым кепска? — асьвядомліваюся я.
— Так, цяжкавата. А хіба ў вас усяго гэтага шмат?
Я пасьмейваюся і паказваю на прывезеныя рэчы.
— Гэтак шмат у нас, вядома, бывае не заўсёды, але мы перабіваемся.
Эрна выносіць прыпасы. Мая маці зьнячэўку сьціскае мяне за руку і пытаецца перарывістым голасам:
— Было вельмі кепска там, Паўль?
«Маці, што я магу адказаць табе? Ты гэтага не зразумееш, ніколі ня скеміш… Дый ня трэба табе гэтата разумець! «Ці было кепска?» — пытаешся ты, ты, маці!»
Я матаю галавой і кажу:
— Не, маці, ня вельмі. Нас шмат там разам, таму ня так ужо кепска.
— Так, але нядаўна быў тут Генрых Брэдэмэйер, які расказваў, што там жудасна з гэтым газам і ўсякімі іншымі рэчамі.
Гэта гаворыць мая маці. Яна гаворыць: «З газам і ўсякімі іншымі рэчамі». Яна ня ведае пра што гаворыць, яна толькі баіцца за мяне. Ці магу я ёй расказаць як аднойчы мы знайшлі тры варожых акопы, дзе людзі застылі ў розных позах, бы забітыя адным ударам? На бруствэрах і ў бліндажох, там, дзе іх прысьпела сьмерць, стаялі і ляжалі людзі з сінімі тварамі.
— Ах, маці, ці мала балбочаць! — адказваю я. — Гэты Брэдэмэйер скажа вось, сам ня ведае што. Ты бачыш, я здаровы і нават патлусьцеў.