частка вучыцелёў — найбольш маладых, энэргічных і інтэліґентных, каторые павінны былі заняцца „абрусеньнем“ нашай старонкі, заместа гэтаго пачала шырыць у народзі беларускіе національные думкі. Поруч з гэтым бачым зачаткі руху і ў духоўных сэмінарыях, асабліве праваслаўных. Усё гэта робіцца сілай таго разгону, які даў агульны пад’ём у грамадзянстве за 1904-5 гады. Але с пачаткам рэакціі агульны разгон слабее. У людзей апускаюца рукі, слабее вера у шчасьлівы канец пачатай работы, прападае энтузьязм, каторы быў пры ўзрыве національнай сьведомасьці.
Ня гледзячы на агульны упадак энэргіі і ахвоты да грамадянскай працы, неколькі больш вытрывалых і цьвёрдых людзей, веручы, што йшчэ ня ўсё прапало для культурно-національнай работы, калі можна друкаваць беларускіе кніжкі і газэты, пачалі выдаваць у Вільні новую газэту ў беларускай мові, назваўшы яе „Наша Ніва“. Пачынаючы с канца 1906 году, газэта выходзіць і цяпер.
Мэтай сваей „Наша Ніва“ назначыла: працаваць дзеля культурнаго і экономічнаго падняцьця Беларусскаго краю і народу, развіваць у беларусаў національную сьведомасць, будзіць пачуцьце грамадзянскай і чалавечай гордасьці і, крэпка злучыўшы увадно раздзеленые рэлігіей дзьве часьці беларусаў — католікоў і праваслаўных, развіваць національную душу беларускаго народу. Патрэба газэты, ў каторай і народ мог бы падаваць свой голас, была ўжо дужа вялікая, і „Наша Ніва“ зразу пайшла ў народ і дайшла да яго. Пад той час ужо ішла сур’ёзная праца ў галавах больш жывых і развітых селян: у душы беларуса, — каторы, жывучы гэтулькі часу паднявольным жыцьцём, прывык ужо глядзець на сябе самога, як на нейкае ніжэйшае стварэньне, цяпер усё болей і болей расьце сьведомасць, што і астаючыся беларусам ён не перэстаў і не перэстане быць чэлавекам, як усе. Кніжка, газэта ў роднай мові — гэта ўжо не забава, а канечная патрэба. Ён сам пачаў голасна выказываць свае думкі „про-