На дарозі да новага жыцьця.
„Ад самаго пачатку цывілізаціі чалавечэства ідзе к далейшаму прогрэссу праз народы“.Charles Gіde.
(с прамовы пры аткрыцьці II-га конгрэссу франц. коопэрат. у Ліоні у 1886 гаду).
I.
Жыцьцё — гэта вечнае змаганьне. У гэтым змаганьні, ў тэй вайне сусьветнай слабые — гінуць, моцные — перэважываюць. Што не мае даволі сіл да жыцьця — прападае.
У сьвеці расьлін і зьвяроў бачым цікавае з’яўленьне: сьмерць часовую, летарґічны сон. Перад прыходам зімы, каторая зніштажае ўсё кволае і слабое, расьліны і іншые жывые стварэньня заміраюць — бытцым хочуць ашукаць праўдзівую, вечную сьмерць, якую нясуць марозы і сьцюжа. Але с першымі вясеньнімі павевамі схаванае ў іх жыцьцё будзіцца нанова, каб праз летні час яны маглі спаўняць ізноў сваё назначэньне: умацовываць далей свой род, свой ґатунак, паддзержываць жыцьцё на зямлі.
Нешта падобнае бывае і з народамі. У безупыннай вайне перэмагаюць слабейшых. Калі ў іх нехват сілы, каб іскру жыцьця хоць таёмна перэхаваць у сабе, — яны гінуць вечнай сьмерцьцю; але часьцей іх сьмерць — гэта толькі сьмерць для вока, непраўдзівая: яна падобна на зімовую сьпячку у прыродзі. Здаецца, бытцым народ перэд навалай бед прыкінуўся