Старонка:На залатым пакосе (1927).pdf/32

Гэта старонка была вычытаная

ЯШЧЭ АДНА

Яшчэ адна бандыцкая расправа,
Яшчэ адзін бязьлітасны удар, —
Ў краіне горам змучанай, крывавай
Сябе на сьмерць за праўду ён аддаў.

І можа там, за нашым даляглядам
Жадаюць зноў і боек і ахвяр,
Каб нашу волю, наш прастор і радасьць
Пусьціць на вецер к чорту, на пажар!

Няхай-жа знаюць, — бруднымі нагамі
Ім не прайсьці над нашай галавой,
Бо ўсе мы, ўсе адзінымі шляхамі
За кроў сваіх адплоцім ім крывёй.

І ўсе адной вялікай пуцявінай
Яшчэ ўпарцей пойдзем і сьмялей,
А нашым ворагам ня быць у тэй краіне,
Дзе будзе жыць краіна БССР!