Старонка:На залатым пакосе (1927).pdf/55

Гэта старонка была вычытаная

У ЛЕСЕ

Я сягоньня увечары белым
Увайшоў ў родны лес-маладняк.
Я сьпяваў там сонечна-сьмела,
Бо у сэрцы запела вясна.

Буду я ўпівацца шчасьліва
Гэтым гоманам ветру і хвой,
Бо ў далі залацістая ніва
Заліваецца радасьцю слоў.

Бо над хатамі месяц нясьмелы
Пазірае, як хлопец-юнак.
І над вёскай у высь узьляцела
Зорка-цьвет залатога агня.

Ой, ахвота далёка-далёка,
Ў сінявокі як радасьць прастор,
Каб аплёскалі сонечным сокам
Срэбралітыя хвалі вазёр.