хаця імя свайго яна яшчэ выгаварваць ня можа. Замест «Юлька», кажа „Юйка“. Аж бацька злуецца на яе за гэта самае і часам гнеўна, кажа:
— Юлька!
— Га!
— Хадзі ка мне!
Яна падходзіць.
— Кажы Юлька!
— Юйка!
— Кажы Юль-ка!
— Юй-ка!
— Ах ты, паганая! Вучыся палюдзку гаварыць!
— Не хацу!
— Дык ня вучыся!
— Хацу вуціцца!
— Ну, дык глядзі на мяне!
Юлька глядзіць на яго.
— Добра глядзі.
Юлька добра глядзіць.
— Рабі губамі гэтак, як я, і кажы — Юль! Юль! Юль!
Юлька робіць губамі гэтак, як ён, і кажа:
— Юй! Юй! Юй!
— Го! го! го! — сьмяецца бацька.
— Гы! гы! гы! — плача дачушка.
І гэта пайшло ў забыцьцё. Яна ўжо так чыста гавора, што і бацьку перавастрыла — зьвівіць, як звончык. Малоціць языком, як цэпам усё роўна. І ня дзіва, бо яна ўжо ходзіць у школу, ў тую вялікую школу навукі, дзе усё пачынаецца з «А, Б».
Тут для Юлькі адчыніўся новы сьвет пазнаньня добрага й благога. Забурліла глыбокая крыніца жыцьця, дзе шчасьце й гора перамешаны, дзе пануе вялікая неразьбярыха: адна й тая самая рэч аднаму чалавеку здаецца шчасьцем, другому — горам…
Пальцы ў Юлькі ў атраманце. Гэта — адзнака стараннасьці, цярплівасьці, мудрасьці й працы. Яна піша і малюе так многа, што аж паперы не хапае. І прыходзіцца ёй гэту вялікую здольнасьць сваю на ўласным твары паказваць — запэцканы нос, шчочкі й, нават, вочы.
Гэта, разумеецца, вельма кепска, але што зрабілі з чалавечай душою, калі яна яшчэ такая кволая й вымагае вялікай ашліфоўкі. Ня гледзячы на ўсё, Юлька яшчэ зусім малюсенькая — ёй усяго шэсьць гадоў. Яна яшчэ часта пальчык ў губкі кладзе й моцна трымаецца за матчын фартух.
Як пойдзе яе далейшае жыцьцё?
Чытайце вялізарныя кнігі й галаваломныя раманы й тады даведаецеся.
Пасадзец, 1917 г.