— Баюся! — усхліпаў меншы Халімон.
— Во, дурань, чаго баяцца! — цешыў яго большы Цішка: — зара дамоў пойдзем!
— Дамоў пойдзем! — заенчыў Халімом. І яны пайшлі.
Стагнаў і плакаў бор, але яшчэ можна было йсьці, а на чыстым полі — сьвету ня відаць было. Толькі бачылі малыя дравасекі, як белыя клубы зьмеямі зьвіваліся, дыхалі холадам на іх ды сыпалі шротам па тварыках…
І хадзілі, хадзілі — брылі, брылі, але куды — і самі ня ведалі…
Змарыліся. Агарнула, ноч, сьнег дайшоў вышэй пояса.
— Ляжам! — сказаў меншы Халімон.
— Ляжам! — адказаў большы Цішка.
І ляглі. Моцна, моцна прытуліліся адзін да другога і ўсплакалі, пакуль мелі сілы.
Але… зрабілася гэтак цёпла…
Або-о-о! сядзяць за сталом… маці радуецца, што прыйшлі… падала цёплы праснак… Бацька сядзіць лагодненька… Пад‘елі, памаліліся й паляглі на палок каля печы… Котка насілася да іх, і яны радасна заснулі…
У поўнач пацішэла мяцеліца. Выглянуў чырвоны месяц і ўкруг яго танцавалі зоркі, пазіраючы на белую зямлю.
Толькі на трэці дзень адкапалі малых замёрзшых дравасекаў.
Вільня, 1913 г.