Падругое, адносна мовы. Цяпер, калі толькі формуецца нашая літаратурная мова, ставіць якія-небудзь строгія вымаганьні адносна стылю і мовы аўтара няможна. Наадварот, будзе вельмі хібным, калі будзем вымагаць ад нашых бэлетрыстых, каб яны прытрымліваліся пэўнага стылёвага ўзору, напр., узору нашага сынтаксыстага Яз. Лёсіка (або лексычнага ўзору слоўніка М. Байкова і М. Гарэцкага). Такая тэндэнцыя ёсьць у нашых пісьменьнікаў, асабліва ў малодшых. Але яна больш шкодна, чымся карысна. Няможна падмяняць жывую народную гутарку нашай штучнай літаратурнай, да пэўнай ступені адцягненай ад жыцьця і вымушанай мовай. Я лічу, напр., бязумоўна штучным, што ў Якуба Коласа і курскія сяляне, і прокурор царскай службы, і папы, і ўрадоўцы гутараць паміж сабою паводле сынтаксу Яз. Лёсіка. Тое самае бачым у апавяданьнях Зарэцкага. З гэтага погляду куды больш каштоўнай зьяўляецца комэдыя Ян. Купалы „Тутэйшыя“, дзе пэўныя пэрсонажы гавораць на натуральнай для іх мяшанай мове. Адно ясна і вельмі пажадана, каб нашыя бэлетрыстыя трымаліся як можна бліжэй да народнай гутаркі, нават з яе паветалізмамі і дыялекталёгічнымі асаблівасьцямі. Калі-ж адцягнуцца ад пэўных шурпатасьцяй мовы ўласных разважаньняў аўтара нашага роману, ад няроўнасьцяй яго асабістага стылю, дык можна палічыць нават за дадатны бок блізкасьць размоўнай гутаркі апавяданьняў да жывой народнай капыльскай гутаркі. Тутака, кажам, няшкодны і паветалізмы. Наадварот, дзякуючы ім, мова аўтара набывае сакавітыя жыцьцёвыя фарбы. Ня зусім натуральна толькі, што ў другой квадры латышку Вільгельміну аўтар вымушае гутарыць з Рыгорам на добрай беларускай мове (а, пэўна, яна гутарыла з ім на латыска-нямецка-рускім жаргоне).
Пераходзім да дадатных бакоў роману.