струмень беларускага культурнага развою нашых „рэволюцыйных“ дзён.
Праўда і тое, што Н. Арсеньева не беларусінка, а расіянка родам, але яна блізка зжылася з Беларусьсю, прасякнулася беларускай культурай і шчыра палюбіла сваю новую бацькаўшчыну. Паказальны з гэтага погляду яе верш „Лятуценьні“.
Часам, як толькі заплюшчу я вочы,
Бачу я край той, дзе мора плюскоча,
Бачу я фарбы паўдня.
Бачу я мора пахнючае кветак,
Белыя дрэвы, прыгожа ўсё гэтак
Ў ласках гарачага дня.
Бачу нябесныя, сінія далі,
Бачу узоры, што ночы саткалі
З буйных палудзенных зор…
Гэта — краіна, дзе я нарадзілась,
Гэта — ўсё тое, чаму я малілась,
З чым я вяла разгавор.
|
Аднак сэрца поэткі не ляжыць да сваёй мінулай бацькаўшчыны, яно жыве беларускім бледным небам і беларускаю прыродаю. Яна кажа:
Толькі чаму-ж маё сэрца ня йрвецца
У тую краіну, чаму яно б‘ецца
Ціха, спакойна саўсім?
Мусіць, чужыя паўдзённыя чары
Новы абраз той, тускнеючы, стары
Выціснуў ў сэрцы маім.
Нашае сіняе, бледнае неба,
Нашы палоскі нясьпелага хлеба
Пэўне, што сэрцу радней.
Нашы маркотныя, мглістыя ночкі,
Нашы бярозы, рабіны, дубочкі
Мне за ўсе чары мілей.
|
Адсюль зусім натуральным зьяўляецца эпіграф да вершу, узяты з Янкі Купалы:
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны,
Што мне замянілі-б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вёскі?
|