У беларускай літаратуры Натальля Арсеньева ідзе сьледам непасрэдна за Алёізай Пашкевіч—Цёткай і Канстанцыяй Буйло, як трэцяя выдатная беларуская поэтка, але з погляду ўнутраных якасьцяй і тэхнікі сваёй творчасьці яна стаіць вышэй за першых дзьвёх. Папершае, у стасунку да Цёткі зусім ясна, што яе поэтычная творчасьць з погляду мастацкасьці асаблівай цікавасьці не выяўляе. Мова яе дужа неапрацованая, рытміка слабая. Падругое, і Канстанцыя Буйло становіць нейкуюсь выпадковасьць у межах беларускай поэзіі. Канечна, яе вершы з боку тэхнікі стаяць вышэй за вершы Цёткі, але ўнутраны зьмест іх няглыбокі, і поэзія Буйло ня выходзіць з абсягу вершаваных высказваньняў „пагімназыцку“ закаханай маладой дзяўчыны. Што Буйло была „выпадковасьцю“ ў межах нашай поэзіі, гэта яскрава даводзіцца тым, што яна вельмі хутка адышла ад літаратуры, — адышла, як толькі спынілася крыніца яе дзявоцкага натхненьня, — і, вышаўшы замуж, Канстанцыя Буйло супакоілася, а не падаравала беларускай літаратуры ад таго часу аніводнага вершу.
У асобе Натальлі Арсеньевай мы маем поэтку першае, так сказаць, ступені з выпрацаванай тэхнікай вершу пры ўнутранай зьмеснасьці поэтычнай творчасьці.
Нельга, канечна, адмаўляць, што мова Арсеньевай ня зусім яшчэ добрая беларуская мова: залішне багата яна аздоблена, асабліва ў вершах, што адносяцца да 1921—1922 г. г, непатрэбнымі русізмамі лексыкі і фразэолёгіі. Нават у вершах ад 1925 г. трапляюцца такія небеларускія сказы як „лёгкія ўздыханьні красуючых палей“ („Улетку“), „ізумрудныя конікі — дзеці палей“ („Разьвітаньне“). Пясьнярка часта ўжывае неўласьцівыя нашай мове дзеяслоўныя прыметнікі цяперашнага („травах жаўцеючых“, „аўсох сьпеючых“) і мінулага („межаў, паросшых румян-