Пры такіх умовах ня дзіўна, што вершы маладнякоўцаў незразумелы і для сялян, і для рабочых. І гэтая адарванасьць ад жывой народнай мовы падвойваецца лацінскімі назвамі некаторых выпускаў. Хіба думае т. Дубоўка, што яго „Credo“ зразумее просты беларус не-католік? А калі не зразумее, дык навошта ўся гэта творчасьць? Для мяне, прынамсі, і поэзія, і проза маюць сэнс толькі, як сродак комуністычнага выхаваньня шырокіх народных гушч. Па-за гэтай мэтай няма аніякіх мэтаў у пісьменьнікаў-марксыстых. Калі-ж ня так, калі поэзія „Маладняка“ ня будзе даступнай селяніну ды работніку, які сэнс будзе ў самай філіі „Маладняк“?
Колектыўны маладнякоўскі роман „Ваўчаняты“, па згоднаму прызнаньню крытыкі (у „Полымя“ № 7 — Engel, у „Сав. Беларусі“ № 300, — П. Галавач), аўтарам ня ўдаўся. Замест роману, вышла якаясь бязладзіца і няпрыстойнае тарахценьне. Шкада паперы і друкарскае фарбы, якія пайшлі на гэты колектыўны твор.
Але затое з паасобных маладнякоўцаў-прозаікаў значна высунуўся наперад Кузьма Чорны (вып 3. „Кніжніцы“ — „Апавяданьні“, і вып. 11 — „Срэбра Жыцьця“). Кузьму Чорнаму належыць добрая будучыня ў галіне беларускай прозаічнай літаратуры. Як стылісты, ён стаіць вышэй і Зарэцкага, і Нёманскага. Па сіле мастацкай здольнасьці ён збліжаецца з Я. Купалам. Сюжэты К. Чорнага сучасны і вельмі ўдалы. І разам з тым, у кожным апавяданьні Чорнага адчуваецца шчыры беларускі настрой.
Такім спосабам, бачым, што і „Кніжніца“ Маладняка пакінула пасьля сябе сьлед у нашай прозе ад 1925 г.
Разьвінаць далей мастацкую беларускую прозу — вось задача, якую наказаў год-нябожчык году-наступніку.