Вось ужо папраўдзе вершы ў стыле В. Г. Традзьдзякоўскага:
Чудище обло, стозевно и лаяй…
Ясна, што з такімі вершаспляценьнямі ў сформаваньні літаратурнай мовы далёка ня ўедзеш. І пакуль расійская літаратура тупалася па сьцежках В. І. Традзьдзякоўскага, ня было і апрацаванай расійска навукова-літаратурнай мовы. Яна пачынае разьвівацца з таго часу, калі Пушкіным, а асабліва Гогалем, былі закладзены асновы расійскай прозы. Праўда, мне могуць казаць, што тутака — пытаньне слоўніка-тэрмінолёгічнае. Аднак-жа, ня толькі тэрмінолёгічнае, але і фразаолёгічнае, У Расіі ў XVIII ст. тварылі тэрмінолёгію, на манер нашых цяперашніх інбелкультаўцаў, той-жа В. І. Традзьдзякоўскі і М. і. Ламаносаў (плюс пэўны лік вучоных немцаў), але ўся расійская літаратурная мова XVIII ст. была пабудована на чужых народнаму духу лацінскіх узорах, была далёка ад народнай фразэолёгіі. Тое-ж самае або, прынамсі, падобнае да таго бачым і цяпер у галіне нашай навукова-літаратурнай мовы. Дасканалы „сынтакс“ беларускай мовы можа зьявіцца тады, калі разьвінецца наша бэлетрыстыка, наша прозаічная мова, якая адпавядала-б жывой народнай фразэолёгіі.
Вось чаму пытаньне аб узбагачэньні нашай прозы зьяўляецца чарговым пытаньнем нават удасканаленьня нашае мовы.
Яна, гэта прозаічная літаратура, павінна ўвабраць у сябе і адбіць праменьні народнай фразэолёгіі і зьявіцца сапраўднай асновай беларускай стылістыкі.
Але ясна, што проблема нашай прозы ёсьць не такая простая проблема, якую можна разьвязаць бяз доўгіх акалічнасьцяй, пачынаючы проста фабрыкаваць апавяданьні, аповесьці, романы, апісаньні і інш.