Тутака важна тое, што наша проза пачала разьвівацца ў эпоху пролетарскай рэволюцыі, — і гэтая эпоха ставіць да кожнага пісьменьніка свае вымогі.
Як і кожны твор з літаратуры, прозаічны твор, будучы глыбока нацыянальным з боку сваёй формы, у той-жа самы час павінен быць рэволюцыйным, г. зн. інтэрнацыянальным з боку свайго зьместу, дакладней кажучы, з боку тых мотываў, якія становяць яго зьмест.
Разумеецца, што і стыль нашых прозаікаў, адбіваючы характарныя рысы народнай фразэолёгіі, павінен у той-жа самы час адпавядаць тэмпу жыцьця рэволюцыйнай эпохі.
Гэта — умовы, sinibue quidus non, — без якіх няма сапраўды сучаснай прозы.
Паглядзім, што-ж даў нам у гэтых адносінах 1926 год?
Папершае, мы маем другую квадру роману Цішкі Гартнага „Сокі Цаліны“, — „На перагібе“, і гэтую квадру з пэўнай рацыяй можна паставіць у першым шэрагу нашых прозаічных твораў. Няма чаго паўтарацца і пацьвярджаць тое, што ўжо ясна само сабою, — выдатнае значэньне новага твору нашага пролетарскага пісьменьніка-романістага; адно трэба адзначыць, што Ц. Гартны, як пісьменьнік-рэволюцыянэр, займае і будзе займаць першае месца ў шэрагу нашых бэлетрыстых. Што тут мае значэньне? — Практыка цяжкой „рабочай“ працы і непасрэдны ўдзел у рэволюцыйным змаганьні фабрычнага пролетарыяту. Практыкі „рабочай“ працы ў буйных цэнтрах фабрычнай прамысловасьці няма ані ў воднага з старых пісьменьнікаў „народніцкага толку“, а малодшым (трэба-ж у гэтым шчыра прызнацца) не хапае рэволюцыйнага гарту, які мог стварыцца пад уплывам паліцэйскага ўціску і астрожнага рэжыму. Наша моладзь выхавана ва ўмовах панаваньня про-