летарыяту. Яна рэволюцыйна з боку сваёй ідэолёгіі, але часта ня мае рэволюцыйнага настрою. Ёй не хапае дасьведчаньня рэволюцыйнай барацьбы. Адсюль пэўная „мяккацеласьць“ нашага маладняка, імкненьне прыстасавацца, прыладзіцца, падмазацца. Адсюль часта вельмі павярхоўны падыход да проблемы вялікага соцыяльнага змаганьня. І ня дзіва, што другая квадра роману Цішкі Гартнага больш за ўсё выразна выяўляе сутнасьць рэволюцьйнага процэсу ў Беларусі
Вельмі высока стаіць мова аўтара, — адбітак жывой народнай капыльскай мовы; як рэволюцыянэр, Ц. Гартны адрэзвае словы; у яго няма мяшчанскай закругленасьці фразы; стыль яго жорскі і, значыцца, рэволюцыйны.
Іншыя, ужо дробныя, прозаічныя творы пісьменьніка, зьмешчаныя ў часопіснай літаратуры, яскрава сьведчаць аб тым, што яго творчасьць няўхільна разьвінаецца ў кірунку ўсё большых і большых дасягненьняў з боку стылю і наогул мовы. Вось, напрыклад, апавяданьне „Таварыш інспэктар“ з № 5 „Полымя“ за 1926 г.: „Ноч глядзела на зямлю мільёнамі зор. Чорны полаг яе туліў надворак. Праз адчыненае акно падаў смуглы жоўты прамень на мяккую мураўку. Ціха шыпеў самавар. Некалькі хвілін ня чуваць было жаднага крыку, ні гуку. Пасьля дзесьці падала свой голас сава. Па гасьцінцы затарахцелі калёсы падводы. На іх стук адазваўся зацяжным брэхам сабака. Яшчэ нечы крык умяшаўся ў гэта“… З стылістычнага погляду гэта месца вытрымана бездакорна. Адрывістыя, кароткія сказы як нельга больш адпавядаюць задачам ўдасканаленьня нашай літаратурнай мовы, бо жывая мова ня ведае доўгіх пэрыодычных сказаў, і памылкай пісьменьніка ў яго ранейшых творах было злоўжываньне пэрыодамі, дзеля чаго сама мова набывала цяжкі характар.