ДА ПЫТАНЬНЯ АБ ЧУЖАЗЕМНЫХ СЛОВАХ У НАШАЙ МОВЕ.
I.
Сваё і чужое або аб разважаньнях т. Шульмана.
У вапошнім за 1926 г. № 8 „Полымя“ т. Шульман ў сваім артыкуле „Аб агульных элемэнтах у беларускай і яўрэйскай мовах“ закрануў вельмі цікавае пытаньне аб чужаземных словах у нашай мове. Тутака ён зачапіў і мяне, як аўтара „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“, — і гэта дае мне повад выказацца аб высунутым пытаньні, тым больш, што, гэтае пытаньне і дасюль нельга лічыць разьвязаным і нават больш-менш высьветленым.
Па сутнасьці, пытаньне, закранутае т. Шульманам, ёсьць наступнае: наколькі чужаземныя словы, што атрымалі значэньне інтэрнацыянальных навуковых тэрмінаў, падлягаюць замене нашымі, беларускімі словамі.
Разглядаючы гэтае пытаньне, т. Шульман піша:
„Зразумела, што няма ніякага сэнсу ўжываць чужаземныя словы, калі ў жывой народнай гутарцы знаходзяцца адпаведныя самабытныя словы. Але нельга лічыць правільным імкненьне ва ўсіх выпадках абавязкова ствараць новыя словы замест выкарыстоўваньня чужаземных слоў, што маюць інтэрнацыянальны характар. А такія тэндэнцыі ёсьць. Цікава, напрыклад, што тэрмін „перпендикуляр“ пабеларуску перакладзены „простастаўнік“.