рэволюцыі да такой літаратуры ставілася вымога: ужываць як можна менш чужаземных незразумелых слоў. А цяпер гэтая вымога павінна мець асаблівае значэньне і адносіцца ўжо ня проста да популярнай, але і падручнікавай літаратуры. Факт той, што ў нашых сярэдніх школах ужо колькі год не выкладаюцца „чужыя“ мовы. Нашы навуковыя кнігі, нашыя буйныя газэты незразумелы для шырокай масы. На кнігу проф. Тэрлецкага, як на ўзор незразумеласьці, паказвалася т. Радус-Зяньковічам на апошнім усебеларускім партыйным зьезьдзе. А і іншыя профэсары пішуць незразумелыя кнігі. Як-жа быць, калі нашы кнігі, нашы падручнікі ня будуць зразумелымі для вучняў, для шырокай народнай слухальні? Ясна, што яны ня будуць адпавядаць патрэбам масавай асьветы. А тымчасам, кожнаму зразумела, што наша сучасная асьвета, наша культура па самай сваёй сутнасьці павінна быць пролетарскай, масавай. А каб гэтага дасягнуць, патрэбна навуковыя тэрміны і культурныя павяцьці апрануць у свае родныя нацыянальныя формы. Наогул, „інтэрнацыянальны зьмест павінен давацца ў нацыянальнай форме“. Адсюль — патрэба ў замене чужаземных тэрмінаў, пераважна тых, якія ўзяты з лацінскай мовы, спадчыны сярэднявякоўя, сваімі родным словамі, патрэба, якая адчуваецца ня толькі беларускай нацыянальнасьцю, але і іншымі эўропэйскімі нацыянальнасьцямі, хаця і ў рознай ступені.
Тутака ёсьць пэўная розьніца паміж французамі, ангельцамі, італьянцамі, з аднаго боку, і немцамі ды славянамі — з другога. Першым няма патрэбы перакладаць лацінскія тэрміны, бо іх культура разьвілася і ўзгадавалася на лацінскай глебе. Менш адбіўся лацінскі ўплыў на нямецкай культуры. Мы і бачым, што немцы, хаця часам і нязграбна, перакладаюць лацінскія тэрміны на сваю мову, а звычайна