імкнуцца ўжываць свае нямецкія словы. Тое-ж самае датычыць і славян. Сярод славян асабліва выразна вызначаецца тэндэнцыя да замены чужаземных слоў сваімі ў чэхаў. За імі ідуць сэрбы. Аднак, гэты процэс адбываецца і ў расійцаў. Трэба толькі прыпомніць сучасныя: „широковешательная станция“, „писмоносец“, „об‘единение“ вместо „ассоциация“ і інш.
І марна думаць, што перакладам чужаземных слоў на сваю мову можна абасобіць беларускую навукова-літаратурную мову ад мовы расійскай. Зусім наадварот: гэтая тэндэнцыя можа мець сваім вынікам збліжэньне абедзьвюх гэтых моў. Бярэм, напрыклад, з літаратурнай тэрмінолёгіі: „амфиболия — двухзначнасьць“, „аналогия — падобнасьць“, „анастрофа — перастаўка“, „аноним — бязыменьнік“, або з матэматычнай, хоць-бы: „система — уклад“, Дык гэтыя-ж словы ўжываюцца і ў расійскай мове, а ў кожным выпадку і для расійца яны будуць больш зразумелымі, чымся адпаведныя чужаземныя словы. Ня будзе дзіўным, што некаторыя нашы пераклады патрапяць у расійскую, як канечна — у украінскую і польскую мовы.
Такім парадкам, патрэбы масавай асьветы вымагаюць ад нас спрашчэньня навуковай тэрмінолёгіі, прыстасаваньня яе да роднай мовы, і няма чаго баяцца новых слоў—новатвораў, абы толькі гэтыя новатворы былі створаны на цьвёрдым грунце моўных народных карэньняў, адпавядалі-б „духу“ роднай мовы і былі-б пры тым зграбнымі, прыгожымі, простымі словамі. У выпадку патрэбы няма чаго баяцца нават запазычваць такія словы з суседніх славянскіх моваў, хоць-бы з мовы расійскай або польскай.
Ад укладальнікаў нашых тэрмінолёгій мы асабліва маем права вымагаць выяўленьня творчасьці. Сапраўды, вельмі „куца“ зразумелі-б сваю задачу