разгляд нашых тэрмінолёгій настаўніцкімі таварыствамі і краяведнымі організацыямі на мясцох. Такі-ж самы разгляд пажаданы і для слоўнікаў.
Аднак, да слоўнікаў павінен быць некалькі іншы падыход, чымся да тэрмінолёгій. Слоўнік па самай сваёй сутнасьці ня можа прэтэндаваць на такую дакладнасьць, як тэрмінолёгіі. Гэта датычыць нават „акадэмічных“ слоўнікаў, а тым больш слоўнікаў прыватных асоб, як, напр., „Практычны расійска-беларускі слоўнік“. З другога боку, кожны слаўнікар, які апрацоўвае слоўнік практычнага тыпу, павінен імкнуцца да таго, каб на магчыма меншым прасторы паперы перакласьці як можна большую колькасьць слоў адпаведнай мовы. Адсюль зусім натуральным пры такім імкненьні будзе адкідваць з слоўніка ўсё тое, што дапушчаецца само сабой. На гэтай падставе ў „Практычным расійска-беларускім слоўніку“ даюцца пераважна тыя чужаземныя словы, якія можна перакласьці ў нашую мову, прычым побач з перакладам у большасьці выпадкаў ня выпісваюцца гэтыя словы ў нашай транскрыпцыі… Лінія, на мой догляд, зусім правільная. Шкада толькі, што ня ўсе словы, дзе гэта магчыма, перакладзены ў нашую мову. Напр., чаму замест „ботаніка“ ня ўжываць „расьліназнаўства“, замест „зоолёгія“ — „жывёлазнаўства“ і г. д. Гэта трэба палічыць за хібу другога выданьня слоўніка.
Але-ж зразумела, што ня ўсе чужаземныя тэрміны магчыма перакласьці на нашую мову. Тутака можна зрабіць гэтакія ўвагі:
а) Абавязковаму перакладу належаць чужаземныя словы — іменьнікі лацінскага пахаджэньня з канчаткам у расійскай мове на „ция“ (= лац. tion), а гэтак сма і адпаведныя ім прыметнікі, напр., „конгруенция“, „конгруентный“, „ассимиляция“, „ассимилятивный“, „ассоциация“, „ассоциативный“ і г. д.