слова. Але зразумела, што слоўнік звычайнага тыпу, у якім падабрана як мага большая колькасьць беларускіх слоў, зьявіцца матэрыялам для ўкладаньня правапіснага слоўніка. А з выданьнем апошняга наш правапіс знойдзе для сябе такую-ж пэўную аснову, якую знайшоў для сябе расійскі правапіс у правапісным слоўніку Н. Я. Грота.
III.
Практычныя вывады.
Абагульняючы казанае ў абодвых ранейшых разьдзелах нарысу, я раблю наступныя практычныя вывады:
1. Неабходна лічыць, што магчыма шырокі пераклад або, прынамсі, тлумачэньне чужаземных тэрмінаў у нашую мову адпавядае пільным патрэбам масавай асьветы, популярызацыі веды і кнігі.
2. Галоўная Тэрмінолёгічная Камісія Інбелкульту павінна выпрацаваць сталыя прынцыпы перакладу чужаземных тэрмінаў у нашу мову. Наогул пажадана, каб тэрмінолёгічная праца ў далейшым яе працягу вялася паводле азначанай програмы і пэўных мэтодаў працы.
3. Патрабуецца грунтоўная крытыка зборнікаў навуковых тэрмінолёгій і практычных расійска-беларускіх слоўнікаў з пункту погляду адпаведнасьці іх жывой народнай мове і жыцьпёвасьці новатвораў.
4. Для захаваньня чыстаты беларускае мовы ў нашых літаратурных творах патрэбна зьвярнуць увагу на беларускую фразэолёгію. Пытаньне фразэолёгічнае трэба лічыць чарговым пытаньнем нашай мовазнаўчай навукі.
5. Для ўхіленьня правапіснай блытаніны неабходна прыняць ухвалены Акадэмічнай Конфэрэнцыяй прынцып „няпоўнага аканьня“ ў чужаземных словах.