да якой можна было-б далучыць і творы вышаўшых з шляхты Ф. Багушэвіча і Я. Няслухоўскага.
Пасьля Ф. Багушэвіча і Я. Няслухоўскага ўсе беларускія пісьменьнікі, за выключэньнем аднаго толькі М. Багдановіча, вышлі з розных сялянскіх — станаў і, што асабліва варта, як мы бачым на прыкладзе Я. Коласа, Ц. Гартнага, М. Чарота і інш., — вышлі з стану безьзямельнага сялянства. Ня дзіўна, адгэтуль, што мотывы сялянскага жыцьця побач з мотывамі нацыянальнага адраджэньня зьяўляюцца кіраўнічымі думкамі маладой беларускай поэзіі. Ад яе вее жывым пахам вясковай беларускай прыроды, магутным бадзёрым духам сялянскага жыцьця і з яе, як быццам, сочацца жывыя сокі цаліны. У гэтых адносінах беларускую поэзію можна паставіць на адзін узровень з Рэйтанаўскім „Chłopi“. Асабліва выдатная зьява тут, як мне здаецца, роман „Сокі цаліны“. З працягам часу, калі выйдзе гэты роман у скончаным відзе, літаратурная крытыка зможа больш выразна адзначыць месца Жылуновіча сярод ня толькі беларускіх, але і, агулам кажучы, сялянскіх пісьменьнікаў. Цяпер-жа можна заўважыць, што гэта — амаль што не адзіночны ў нас праўдзівы сялянскі роман, напісаны ў сапраўдна сялянскай мове селянінам. Вельмі выдатнай зьявай у гэтых-жа адносінах можна лічыць „Новую зямлю“ Я. Коласа. Гэта — амаль што ня першая праўдзівая поэма сялянскага жыцьця.
З гэтага боку маладая беларуская поэзія, бязумоўна выяўляе беспасрэдную цікавасьць для сучаснага пролетарыяту, і ў сялянскім кірунку яе, у яе сялянска-клясавай прыродзе, практычна вызначаецца шлях да злучэньня паміж беларускай і агульна-пролетарскай культурай. Беларуская літаратура, як літаратура ня толькі нацыянальная, але і клясавая, ня страціць і ў далейшым свайго сялянскага кірунку, і з другога боку — кожны пролетары павінен цікавіцца