І ў першых вершах поэты значнае, пераважнае месца займае апяваньне долі-нядолі беларускага ратая-селяніна, а адсюль просты пераход да апяваньня долі нядолі беларускага народу, у масе сваёй пераважна сялянскага, і потым да ідэі нацыянальнага беларускага адраджэньня, як сродку для вызваленьня беларуса-селяніна ад векавога прыгону.
„Шляхам жыцьця“ можна разглядаць, як выяўленьне поўнага росквіту поэтычных сіл і здольнасьцяй поэты. Ужо тады ён вызначыўся, як першарадны прадстаўнік маладой беларускай літаратуры. І тутака доля-нядоля народу-селяніна ў цэнтры ўвагі поэты.
За сахой, бараной, |
Каб зразумець і ацаніць значэньне літаратурных выступленьняў Купалы, як поэты працоўнай беларускай сялянскай масы, трэба толькі кінуць вокам на папярэднюю беларускую літаратуру, прыгледзецца да трактоўкі беларускіх сялянскіх тыпаў у папярэдніх пісьменьнікаў, прыслухацца да праўдзівых нахілаў-тэндэнцый апошніх.
І да Янкі Купалы беларускі мужык фігураваў амаль у кожнага беларускага пісьменьніка. Бо, у сутнасьці, ня можна было пісаць пабеларуску, не чапляючы так або іначай беларускага мужыка, які толькі і гаварыў пабеларуску. Такім спосабам; беларускія сялянскія тыпы выводзяцца і ў Рыпінскага, і Дунін-Марцінкевіча, і Фр. Багушэвіча і інш. Але якая розьніца паміж Янкам Купалам і, напрыклад, Дунін-Марцінкевічам у трактоўцы беларускага селяніна! Тут можна зрабіць вынятку з самога Янкі Купалы, ― з яго водзыву аб комедыі Марцінкевіча „Залёты“.