Характарызуючы падыход да сялянства з боку свайго папярэдніка, Купала піша:
„Аўтар опэрэткі, сам шляхціц, шчыра стаяў на варце інтарэсаў гэрбоўнай шляхты, паноў і, хаця бачыў усе іх заганы, усё-ж ткі ў сваіх творах выказваў думку, што ўся бяда беларускай беднаты паходзіць не ад паноў, а ад панскіх слуг: аканомаў, цівуноў і іншай марноты. Пры шчырай сваёй прыхільнасьці да народу Марцінкевіч ня мог стаць усёй душою на старане дэмосу, на старане толькі што выпушчанага з-пад панскай няволі мужыка-беларуса. Для Марцінкевіча гэты мужык ёсьць мужык: можна даць яму асьвету, можна дазволіць дайсьці да такога-сякога дабрабыту, але ня можна дапусьціць яго да роўні з панамі. У яго літаратурных творах гэтая дзяльба панскіх і мужыцкіх душ перабягае скрозь чырвонаю нітачкаю. Для цяперашняга беларускага грамадзтва „Залёты“ ёсьць ні болей, ні меней як сумны ўспамін тых часоў, калі людзі думалі і верылі, што ў адных станаў белая косьць у целе, а у другіх — чорная. Былі „залëты“ пакляпаць мужычка белай рукой па зморшчаным твары ды паказаць яму, як гэта нягодна выбівацца з мужыкоў у паны“[1].
Больш дадатнымі рысамі адзначаецца творчасьць Мацея Бурачка (Фр. Багушэвіча), але і ён, уласна кажучы, глядзіць на мужыка больш вачыма апякунлівага „народніка“, чымся сапраўднага народнага поэты, выхадца з народнае асярэдзіны.
Адзіночная паралель да Янкі Купалы з мінуўшчыны беларускай літаратуры XIX сталецьця ― вясковы поэта, прыгонны селянін ― Паўлюк Бахрым.
- ↑ Гл. М. Гарэцкі. „Гісторыя бел. літ.“, стар. 200 і наст.