разжвякваць да апошняй драбінкі паасобныя, нават нязначныя эпізоды аповесьці. Часам ён тупаецца на месцы і, замест кароткага сьціслага абрысу, пушчаецца ў доўгія размовы, апісваючы, як селі ды паўсталі, паклаліся на ложак ды прачнуліся, як елі ды пілі героі яго апавяданьняў, як ехалі коні, як выглядала мясцовасьць і г. д. Такія размовы бязьлітасны да чытача і яны, бязумоўна, шкодны для самага роману. Самы пачатак — панашаму — няўдалы. „Ах як пераменчыва жыцьцё! Як выпадкова і мімалётна ў ім шчасьце! Выбухне нечакана, расквітнее на момант кветкаю прыгожаю, абмые цябе сваім водырам, распаліць надзею, расшавеліць думкі, а потым… як са стромага берагу ў глыбокую яму, возьме і неміласэрна сапхне ў цяжкае балючае бязьвер‘е… Ты мігам падаеш у бяздоньне на цьвёрды, сыры, смуродны глей“… І гэтак на працягу амаль што цэлых дзьвюх старонак.
Падругое, пэўным недахопам роману зьяўляецца мова аўтара. Ня так, як у іншых нашых пісьменьнікаў, гэта вельмі цяжкая, пэрыодычная мова. Багата ў ёй слуцкіх паветалізмаў і часам яўных русізмаў. У другой часьціне роману можна заўважыць у параўнаньні з першай пэўны поступ наперад, але і тут шурпатасьцяй багата.
Аднак, тыя недахопы, што паказаны, маюць зусім няістотнае значэньне для агульнай ацэнкі роману.
Няможна судзіць за іх строга аўтара.
Папершае, адносна расьцягненасьці. Гэта, на вялікі жаль, агульная адзнака нашых больш-менш значных літаратурных твораў. Тупаньне на месцы мы знойдзем і ў іншых нашых прозаікаў. Расьцягненасьць ёсьць і ў выдатнейшым пакуль што нашым паэтычным творы — поэме „Новая зямля“ Як. Коласа. Адмаўляць гэты факт можна, толькі зачыняючы вочы на недахопы нашых літаратурных твораў.