Гэта старонка была вычытаная
Пражыў на сьвеце многа:
Бяз нечага сто год;
За век пабачыў гора,
Ня мала вынес слот.
Калісьці, да паўстаньня,
Рабіў, цярпеў прыгон…
К нямцом няраз віціны
Ганяў па Нёмне ён.
Меў сілу непамерну,
Здаровы быў, як мур.
Таму так жыва, з песьняй,
Гарэ сын родны — „шнур“;
Таму так — шчыры ў працы —
Будуе Край Свой ўнук,
Адважны і бясстрашны,
Не пакладае рук.
А дзед жыве мінулым,
Таёмным і глухім,
Гаворыць — бае казкі
Аб даўным і сівым;
Пра войны, панства, войтаў,
Русалак і начніц, —
І хараством чаруе
Няхітры склад быліц.
Ды часта паглядае
За вёску ён… туды,
Дзе між бяроз пад крыжам
Спачыне ад бяды.