Усемагутны! вось сэрца паэты —
За народ Твой Крывіцкі ахвяра!
Дым кадзільны — жар вершаў — прад сьветам
Узнашу да Цябе па-над хмары.
Мы абвеяны злой сухавеяй,
І балот душыць ліпкая плесьня,
І дарма зацьвіталі надзеяй,
І дарма сьнілі сны на прадвесьні.
Ў бездарожжы зблудзілі глыбока,
Пацямнеў цёмны шлях наш цярновы…
Не адмоў нам паслаці прарока
З цьвёрдай верай і словам агнёвым!
Цішу досьвіткаў цьмяных
Абуджаю жальбою вялікай:
Расчашы Ты сівізну туману,
Празіяй жывотворным Аблікам!
Да Цябе уздыхаюць са мною
Капытом здратаваныя нівы,
На аблогах — бадыльнік з лазою
І чарот па-над ставам шумлівы;
Уздыхае кароўка-худоба,
І авечка на голым папары,
І каняка схіляе з жалобай
Галаву пад нязьмерным ціжарам.
Узгляніся!.. Злітуйся над ніцым!..
Маё гора усёды, усёды:
Мае сьлёзы — ў дажджох навальніцы,
Мае енкі — у стогне народу.