Гэта старонка не была вычытаная
Выходжу з хаты рана,
Каб стаць за азярод
І першаму з туману
Пабачыць сонца ўсход,
Каб на ўзрунелых рытвах
Усьцешыцца цяплу
І раньнія малітвы
Паслаць яму — Сьвятлу: —
„Спалі, калі так трэба,
І пожні, і пале,
Пашлі грымоты з неба,
Віхор пашлі, але —
Хай пройдзем праз напасьці,
І дачакаю хай —
Убачыць ў новым шчасьці
Мужычы Край“.
|}