Старонка:На ростані (1924).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

II. З ПАЛЕТНАЎ І ЛЯСОЎ.

ПРАЛЕСКІ.

Зямелька-маць радзіла іх
Ад першых пацалункаў сонца!
Між зёлак леташніх, сухіх
Ў бары ўзышлі яны ўстаронцы.

Шумяць што-разу весялей
Над імі хвоі аб прадвесьні,
І вецер штодня ласкавей
Іх песьціць і пяе ім песьні.

І хоць зімы відаць сьляды,
Яшчэ марозіць, часам, ночкай,
Ды больш ня страшаць халады,
І верыш мілым, сінім вочкам;

І любы так бяз конца мне
Яны, з усьмешкай ціхай дзеці!..
Пара іх, кволых, праміне,
Прайдуць яны, як ўсё на сьвеце.

Але ўжо мкне душа мая
У сіню даль за пералескі,
І ўсходзяць ў сэрцы — чую я —
Тугі вясьнянае пралескі.