Наўкола роў травой паросшы і шырокі,
За ім астача сьцен зруйнованых замковых…
Тут князь калісьці жыў багаты, ганаровы,
І слава — чутка йшла аб ім у сьвет далёкі.
Цяпер-жа сумна мур глядзіцца адзінокі,
У праходах вецер рве, здзьмухае пыл вяковы,
Ў начы стагнаньнямі і плачам страшаць совы,
І кажаны лятуць на дзень ў сплясьнелы лёхі.
А ў вёсцы блізкай дзед старэнькі бае, сівы,
Пра страхі розныя, што там таяцца, й дзівы,
Начніц, што пацеркі нанізваюць з расы
І па шляху снуюць і сеюць сьпеў жуды;
Ды аб княжне — дзіўной, нябачанай красы,
Ў замковай вежы век згубіўшай малады.
|