Старонка:На ростані (1924).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

ТУМАН.

Навіс пасьцілкаю туман
З імглы сатканы часта-густа,
Заслаў лес, поле і курган,
Паўзе да хат, як смоўж той тлусты,

І быццам цяжкі грэх жыцьця
На сэрцы шэрай лёг жудою,
І яснасьць душ і пачуцьця
Прыкрыў, халодны ён, сабою.


ВОСЕНЬ.

Глухой, таёмнай сьцежкай
Падкралася за летам,
Уселася на ўзьмежку
І занудзіла сьветам.

Няўпынна, безнадзейна,
Сьлязьмі, як мак, драбнютка
Заплакала нявейна,
Маркотна і ня хутка.

І з ею разам хмары
Заплакалі дажджамі,
Навісьлі шопай хмарай
Над вёскамі, палямі.

І то-ж бо: — неласкава,
Пустэльна поле гола,
Ў стагох стаіць атава
І пушча жоўта-квола.