Будзе добра, лёгка, ціха,
Супакойна, люба мне.
Ня стрывожыць цішы ліха,
Гора сэрца не пратне.
Будзе добра, лёгка, ціха…
|}
Сьмяротнае, глухой тугі
Зіяе чорнае бяздоньне…
О, час запынены, благі!
О, ноч жахлівая бяссоньня!
Ня сплюшчыць высахшых вачэй
І пустаты ня здолець немай.
Душа ў пацёмках, без надзей
Стаіць над нейкаю дылемай.
Тупы, халодны шчэміць боль,
Плывуць бязвольна думы ройна,
І жах цячэ праз сьцены, столь
І песьціць ў абцугох — абоймах…
Адна аднюсенькая грань
Да новай, дзіўнае свабоды: —
Устаець у жоўтым, зрадным здань
І ледзянячы вее подых…
Рукой нячутнай Шал кране,
І вернай ня мінуць загубы…
Малюся — выратуй мяне,
Спакой адвечны, мілы, любы!
|